На суд да Бабарыкі пусьцяць толькі беларускія дзяржаўныя і расейскія СМІ

Віктар Бабарыка

Афіцыйная фармулёўка адмовы ў акрэдытацыі незалежным беларускім СМІ напярэдадні суду 17 лютага — «адсутнасьць месцаў».

Журналістам незалежных выданьняў БелаПАН, Tut.by, Naviny, Onliner, «Беларусы і рынак» не далі дазволу прысутнічаць на судзе над Віктарам Бабарыкам у «справе Белгазпрамбанку», паведаміў тэлеграм-канал Эўрарадыё.

Адмову рэдакцыі недзяржаўных выданьняў атрымалі з прычыны нібыта «адсутнасьці месцаў». А дзяржаўныя і расейскія СМІ на працэс дапусьцяць.

Раней улады заяўлялі, што працэс над Бабарыкам і топ-мэнэджарамі «Белгазпрамбанку» будзе празрысты і даступны для ўсіх ахвочых.

Удзельніка прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Віктара Бабарыку і іншых фігурантаў справы пачнуць судзіць 17 лютага пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду. Папярэдняе паседжаньне пры падвышаных захадах бясьпекі прайшло 4 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну, без удзелу самога Бабарыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без Бабарыкі і незалежных СМІ. У Менску прайшоў папярэдні працэс у справе «Белгазпрамбанку». Асноўны суд чакаецца 17 лютага

Згодна з інфармацыяй сьледзтва, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай і ў легалізацыі даходаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка — самы папулярны палітык Беларусі, паводле апытаньня Chatham House
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёгкім бывае толькі шлях у рабства». Віктар Бабарыка даў інтэрвію з-за кратаў