Канада ініцыявала міжнародную дэклярацыю аб забароне адвольных затрыманьняў

Будынак канадзкага парлямэнту ў Атаве

15 лютага 58 краінаў падпісалі дэклярацыю аб адмаўленьні ад арыштаў іншаземных грамадзянаў у мэтах выкарыстаньня іх для дыпляматычнага ціску.

Агенцтва Reuters паведамляе, што дэклярацыю, якая ня мае абавязковай сілы, ініцыявала Канада, а сярод падпісантаў міністры замежных спраў ЗША, Японіі, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і амаль усіх краінаў Эўразьвязу.

«Забіраць людзей зь іх сем’яў і выкарыстоўваць іх як разьменныя манэты — гэта і незаконна, і амаральна», — цытуе агенцтва кіраўніка дыпляматыі Канады Марка Гарно.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі найбуйнейшы сьпіс санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі — 155 чалавек

Дэклярацыя, адзначыў Гарно, не накіраваная супраць нейкай канкрэтнай краіны, а распрацаваная для ўзмацненьня дыпляматычнага ціску на краіны, якія затрымліваюць іншаземцаў, або такія, якія хочуць так рабіць.

Аднак неназваны канадзкі чыноўнік заявіў агенцтву, што ініцыятыва выкліканая занепакоенасьцю арыштамі іншаземцаў з боку Кітаю, Ірану, Расеі і Паўночнай Карэі.