У Гвінэі зафіксавана новая ўспышка ліхаманкі Эболы

Дэмакратычная Рэспубліка Конга, лета 2020 году

Улады Гвінэі заявілі аб эпідэміі Эболы пасьля сямі пацьверджаных выпадкаў інфікаваньня. Чатыры пацыенты памерлі. У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга таксама зарэгістраваныя тры выпадкі заражэньня небясьпечным вірусам, перадае Нямецкая хваля.

У Гвінэі, паводле дадзеных мясцовых уладаў, чатыры чалавекі памерлі ў выніку новай ўспышкі ліхаманкі Эболы. Усяго ж на паўднёвым усходзе Гвінэі зарэгістраваныя сем выпадкаў заражэньня вірусам гэтага небясьпечнага захворваньня, паведаміў у нядзелю, 14 лютага, прадстаўнік міністэрства аховы здароўя ў Канакры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эбола не дайшла, ад пнэўманіі паміралі. Ці даходзілі эпідэміі да Беларусі?

Гвінэйскія ўлады кажуць аб эпідэміі, аднак паўторнае ўзьнікненьне Эболы ў краіне павінна яшчэ пацьвердзіць Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ), якая паабяцала даць неадкладную дапамогу. Вірусная інфэкцыя Эболы прыводзіць да гарачкі і ўнутраных крывацёкаў і вельмі часта сканчаецца сьмяротным зыходам.

Падчас апошняй ўспышкі хваробы ў Заходняй Афрыцы ў 2014-2016 гадах у Гвінэі, Лібэрыі і С’ера-Леонэ гэтым вірусам заразіліся каля 28 тысяч чалавек, 11 310 пацыентаў памерлі. У чэрвені 2020 году было абвешчана аб тым, што ўдалося перамагчы ўспышку ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якая доўжылася амаль два гады і прывяла да сьмерці амаль 2300 чалавек. Аднак з пачатку лютага там зноў зафіксаваныя ўжо тры выпадкі заражэньня.