У Маскве і Санкт-Пецярбургу зладзілі «ланцугі салідарнасьці» з жанчынамі, якіх перасьледуе пуцінскі рэжым

Акцыя пратэсту ў Маскве на Арбаце, 14 лютага 2021

У Маскве на Арбаце, а таксама ў Санкт-Пецярбургу каля помніка ахвярам палітычных рэпрэсій 14 лютага жанчыны сталі ў «ланцуг салідарнасьці» ў падтрымку Юліі Навальнай і іншых жанчын, якія трапілі пад рэпрэсіі.

У руках удзельніц акцыі — белая стужка, кветкі і чырвоныя сэрцайкі з імёнамі перасьледаваных з палітычных матываў. Паводле ацэнак журналістаў, на Арбаце ў Маскве каля помніка Пушкіну і Ганчаровай больш за 150 жанчын, паведамляе «Настоящее время».

Удзельніцы выказваюць салідарнасьць з мастачкай Юліяй Цьвятковай, Любоўю Собаль, Юліяй Галямінай, Леляй Нордзік, Марыяй Алёхінай, Люсяй Штэйн, Кірай Ярмыш і іншымі жанчынамі-актывісткамі, якія зазналі ціск пуцінскага рэжыму.

Акцыю анансавала мастачка і паэтка Дар’я Сярэнка. Яна паведаміла, што ў Дзень усіх закаханых трэба выказаць падтрымку ня толькі Юліі Навальнай, сям’ю якой доўгія гады перасьледуе дзяржава за апазыцыйную дзейнасьць, але і ўсім жанчынам-палітвязьням, каго «падчас мірных пратэстаў зьбівае і катуе паліцыя, як студэнтку Алену Кітаёву. Усім, хто праводзіць свае дні ў судах, паліцэйскіх аўтобусах і спэцпрыёмніках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі 14 лютага заклікалі да «дваравых акцый сьвятла» на знак салідарнасьці з Аляксеем Навальным
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначаюць для Беларусі расейскія пратэсты?