Улады Нямеччыны пакуль прымуць ня больш за 50 беларусаў, якія зазналі перасьлед

Нямеччына гатовая прыняць пакуль ня больш за 50 беларусаў, уключна зь іхнымі семʼямі, перадае «Нямецкая хваля» з спасылкай на газэту Süddeutsche Zeitung.

Улады адзначылі, што гэтая колькасьць ня ёсьць «фармальным максымумам», што прыём беларусаў пачнуць найбліжэйшым часам і што будуць правяраць кожны канкрэтны выпадак.

Дэпутат бундэстага ад партыі «Зялёныя» Мануэль Сарацын, які і атрымаў гэтыя зьвесткі з МУС, лічыць, што 50 чалавек — гэта надта мала, калі ўлічыць маштабы рэпрэсій у Беларусі. Ён спадзяецца, што калі ахвотных будзе больш, улады скарэктуюць гэтую лічбу.

Нямеччына таксама заявіла, што вылучыць стыпэндыі для беларусаў і падтрымае незалежныя СМІ. Раней канцлер Ангела Мэркель заклікала спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.

Нямеччына не прызнае афіцыйна абʼяўленых вынікаў леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ангела Мэркель заклікала спыніць рэпрэсіі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лінкявічус: «Лукашэнку цяжка паверыць, што гэта ня Захад, а Беларусь страціла цярпеньне»