У доме, дзе жыве сям’я юрыста «Офісу правоў людзей з інваліднасьцю», правялі ператрус

Алег Граблеўскі, архіўнае фота

Самога Алега Граблеўскага затрымалі 3 лютага, і дагэтуль, паводле сваякоў, ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Гісторыя перасьледу

21 студзеня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пачаў праверку адносна службовых асобаў праваабарончай арганізацыі «Офіс правоў людзей з інваліднасьцю».

Пасьля ператрусу ў офісе і дома ў супрацоўнікаў канфіскавалі тэхніку — кампутары і мабільныя тэлефоны.

Паводле прэс-службы ДФР КДК, адносна службовых асоб праваабарончай арганізацыі «Офіс правоў людзей з інваліднасьцю» праводзіцца праверка. У ведамстве заявілі, што яна зьвязана з пытаньнямі «магчымага неправамернага завалоданьня ў пэрыяд з 2020 году па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі з мэтай аказаньня дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасьцю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцаў «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» прызналі палітвязьнямі. Усяго ў Беларусі такіх цяпер 227

Заснавальніка арганізацыі Сяргея Драздоўскага і юрыста Офісу Алега Граблеўскага выклікалі ў ДФР.

Сяргей Драздоўскі напісаў у Facebook, што ціск на супрацоўнікаў Офісу зьвязаны з тым, што яны нібыта «фінансавалі падтрымку людзей, абвінавачаных у акцыях пратэсту».

«Па сутнасьці, мы рэкамэндавалі некалькім пацярпелым з інваліднасьцю і без зьвярнуцца па дапамогу да адвакатаў», — напісаў ён.

3 лютага Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага затрымалі і дапыталі ў Сьледчым камітэце. Пасьля допыту Граблеўскага затрымалі на трое сутак, а Драздоўскага зьмясьцілі пад хатні арышт: ён пазбаўлены права на камунікацыю з кім-небудзь, акрамя адваката.

Як праходзіў ператрус?

Сям’я Алега Граблеўскага жыве ў доме, які належаў дзядам ягонай жонкі Алесі, у вёсцы Азярэчына Пухавіцкага раёна. Увечары 10 лютага прыехалі чацьвёра ў чорных масках, зь іх двое з ДФР і двое панятых.

«Іх не бянтэжыла, што гэты дом нам не належыць. Гэта дом дзядоў, запісаны на дзядзьку, ён памёр, цяпер на цётцы. Гэты адрас Алег нідзе не даваў. Мы жылі ў Воршы, і прапіска засталася аршанская. Калі туды сунуліся, то там абсалютна чужыя людзі сказалі, што там Алег не жыве», — кажа Алеся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да лета ўсё вырашыцца». У адзінага апазыцыйнага дэпутата краіны згарэла хата, але ён не сумуе

Сьледчыя сказалі, што будзе праведзены ператрус у межах затрыманьня Алега Граблеўскага паводле часткі 2-й артыкула 209 («Махлярства») Крымінальнага кодэксу.

«Якраз у суседзяў быў жалобны стол пасьля пахаваньня, таму мне гэта не дарэчы было, — кажа Алеся. — Перабралі ноўтбукі, якія ляжалі на шафе. У адным клявішы ўнук выкалупаў, другі не ўключыўся, яны іх не зацікавілі. Яшчэ адзін перадалі мужу, каб ён мог працаваць, бо з офісу ўсё забралі. Уключылі яго, а там вялізная паласа на экране, яго таксама не ўзялі. А адзін ноўтбук яны нядаўна забіралі, потым вярнулі без падзарадкі. Гэты ноўтбук забралі, квіткі за аплату тэлефона ў растэрміноўку, артыкул з інтэрнэту, у якім Алег напісаў пра сваё затрыманьне і раздрукаваў. Алег дома не трымаў ніякіх дакумэнтаў».

Алеся сказала, што ператрус праводзілі без асаблівага імпэту. Двое дзяцей-школьнікаў былі дома, бо хварэюць.

«Панятымі былі мне незнаёмыя людзі, падобныя на „ціхароў“. Я сказала, што такіх ня знойдзеш, даехаўшы да Дудутак. Адзін са сьледчых проста рабіў сваю працу, без палемікі. Я спытала: „Вы самі верыце ў тое, што робіце і гаворыце?“ Адказаў: „Вядома“. Другі сказаў, што мы вас усё роўна дацісьнем і раздушым, а калі тут не падабаецца, едзьце за мяжу», — кажа Алеся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

«Гэта поўны абсурд»

Паводле Алесі, Алег цяпер знаходзіцца на Валадарцы і яму ў аўторак дазволілі перадаць перадачу. Але падрабязнасьцяў справы сям’я ня ведае, бо адвакат даў падпіску аб невыдаваньні.

«Я ня ведаю, як так можна, каб не інфармаваць родных? Яны нешта патрабуюць, а самі права даўно растапталі», — кажа Алеся.

Алега Граблеўскага затрымалі 3 лютага, але пры якіх абставінах, у сям’і ня ведаюць.

«Мне патэлефанаваў сьледчы, што Алега затрымалі, назваў артыкул і сказаў, што ён будзе пераведзены на Акрэсьціна. Увесь гэты час адвакаты Сяргея Драздоўскага і Алега сядзелі на калідоры ў Сьледчым камітэце. Яны дапытвалі іх без адвакатаў, і толькі каля 23 гадзін адвакатаў дапусьцілі. Раней Алега затрымлівалі, у ДФР разьдзелі дагала. Ён тады ім сказаў, што пасьля мяне вам застанецца пасадзіць толькі арханёла Міхаіла: усіх, каго маглі, перасаджалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разьдзелі дагала. Прамацалі, празванілі ўсё, што можна». Юрыст расказаў пра зьдзекі ў ДФР. ВІДЭА

Старэйшы сын Фёдар цяпер клапоціцца пра бацьку, кантактуе з адвакатам.

«Да перасьледу бацькі я стаўлюся так, як і ўся наша сям’я. Гэта поўны абсурд. Як можна затрымліваць праваабаронцаў? Гэта тое самае, што затрымліваць сьвятароў».

«Офіс правоў людзей з інваліднасьцю» — праваабарончая арганізацыя. Яна аказвае прававую дапамогу, кансультуе ў пытаньнях правоў людзей з інваліднасьцю і рэалізацыі гэтых правоў. Офіс таксама займаецца асьветніцкай дзейнасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мясцовая ўлада баіцца актыўнасьці грамадзян», — магілёўскі гарадзкі актывіст