У Кіргізстане разглядаюць праект новай Канстытуцыі, якая ўмацуе ўладу прэзыдэнта

Пасяджэньне парлямэнту Кіргізстану

Парлямэнт Кіргізстану (Жагорку Кенэш) пачне разглядаць праект новай Канстытуцыі на пасяджэньні 17 лютага.

Канстытуцыйная нарада падрыхтавала новы праект Канстытуцыі ў канцы студзеня і накіравала яго ў парлямэнт ў пачатку лютага.

У праекце новай Канстытуцыі пашыраныя паўнамоцтвы прэзыдэнта: ён узначальвае выканаўчую ўладу, вызначае склад і структуру кабінэту міністраў, фармуе адміністрацыю прэзыдэнта і Раду бясьпекі і кіруе імі.

Паводле новай Канстытуцыі пасада прэм’ер-міністра касуецца, замест яго ўводзіцца пасада кіраўніка кабінэту міністраў, ён жа — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта.

Таксама прадугледжанае стварэньне новага дзяржаўнага органу — Нацыянальны сход (курултай), які будзе дарадчым і наглядным органам.

Ініцыятарам зьмены Канстытуцыі стаў новы прэзыдэнт краіны Садыр Джапараў.

На рэфэрэндуме, які адбыўся 10 студзеня 2021 году, большасьць прагаласаваўшых грамадзянаў аддалі перавагу прэзыдэнцкай форме кіраваньня. Пасьля разгляду парлямэнтам распрацаванага Канстытуцыйнай нарадай праекту Канстытуцыі дакумэнт будзе вынесены на рэфэрэндум, які адбудзецца 11 красавіка.