Першая партыя беларускамоўных лялек можа зьявіцца на рынку ў жніўні 2021 году

Беларускамоўныя лялькі з Глыбокага. Фота са старонкі праекту "Лялька. Бай" vkontakte.

У Глыбокім паказалі самаробных лялек, якія расказваюць казкі, сьпяваюць калыханкі і вясёлыя песьні на беларускай мове.

Пакуль такіх лялек толькі тры, стваральнікі возяць іх па выставах і конкурсах. Але аўтары праекту працуюць над тым, каб да лета цацкі паступілі ў продаж, піша Tut.by.

Лялек пашылі выхаванцы Глыбоцкага цэнтру дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам двух пэдагогаў — Аксаны Шпакавай і Ірыны Пачкоўскай. Праект назвалі «Лялька.Бай».

«Ёсьць розныя гукавыя лялькі, ёсьць у касьцюмах работнікаў розных прафэсій, у строях розных нацыянальнасьцяў. А вось лялек, якія сьпяваюць і размаўляюць на роднай мове, няма. Уставілі ўнутр цацак партатыўныя калёнкі — і ў нашых лялек зьявіўся голас», — расказала кіраўніца праекту «Лялька.Бай» Аксана Шпакава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія стартапы трапілі ў сьпіс найбольш пэрспэктыўных на расейскім рынку

У кожнай лялькі свая роля: Баюн расказвае казкі, Сплюша сьпявае калыханкі, у тым ліку «Доўгі дзень» на верш Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка. Весялінка забаўляе вясёлымі песьнямі і расказвае цікавыя гісторыі пра Глыбоцкі край.

Калёнкай можна кіраваць з мабільнага тэлефона. Удасканаліць цацку Сплюшу дапамог электрамантэр Сяргей Кузьміч. На руцэ лялькі зьмясьцілі кнопку, націсьнеш — пачынае сьпяваць.

Пакуль, па словах аўтарак праекту, шыцьцё лялькі і калёнка разам абыходзяцца ў 90 рублёў.

На конкурсе інавацыйных праектаў лялькі ўвайшлі ў лік пераможцаў, стваральнікі атрымалі на разьвіцьцё праекту звыш 15 тысяч рублёў. Іх хочуць патраціць на вытворчасьць новых лялек. Да канца жніўня 2021 году плянуюць запусьціць першую «экспэрымэнтальную» партыю на продаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец Кандрусевіч-Шыдлоўская: «Свабодная дзіцячая літаратура можа нараджацца толькі ў свабоднай краіне»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маляваныч вяртаецца. Расказаў «Чортаў скарб» Караткевіча, на чарзе — «Крэсіва» Андэрсана