Мянчук, якога асудзілі на 25 сутак, спыніў сухую галадоўку. Пра яго стан нічога невядома

Ілюстрацыйнае фота. Ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна

Мянчук Алег Заяц спыніў сухую галадоўку, якую пачаў у ізалятары на Акрэсьціна 23 студзеня на знак пратэсту супраць несправядлівага, на яго думку, прысуду.

8 лютага праходзіў суд, на якім абарона Алега спрабавала абскардзіць судовую пастанову аб арышце яго на 25 дзён. Суд пакінуў у сіле папярэднюю пастанову, паведамляе «Белсат». На паседжаньні таксама стала вядома, што Алег Заяц спыніў галадоўку. Зь якіх прычын і калі гэта адбылося, невядома. Таксама на цяперашні момант няма аніякіх зьвестак пра стан ягонага здароўя.

Алега Зайца затрымалі 23 студзеня на вуліцы Мірашнічэнкі, калі ён выйшаў на прагулку, абвінавацілі адразу ў двух правапарушэньнях — 23.34 і 23.4 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню супрацоўніка міліцыі) — і пакаралі арыштам на максымальны тэрмін, 25 дзён. На знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказаў, што гэта ягонае рашэньне». Сябры сьцьвярджаюць, што арыштаваны на 25 дзён мянчук пачаў сухую галадоўку

28 студзеня — праз 5 дзён пасьля затрыманьня — Алегу было зусім кепска, ён нават ня мог падымацца з ложка, скура была шэрая, ногі абмарожаныя, — расказаў чалавек, які сядзеў разам з Алегам на Акрэсьціна і ў Жодзіне.

Алегу Зайцу 37 гадоў. Ён мае анкалягічную хваробу, таксама ў яго ампутаваныя пальцы на нагах, таму ён ня можа працаваць больш за 6 гадзін на дзень. Займаецца рамесьніцтвам — вырабляе бранзалеты і іншыя рэчы, якія прадаюцца ў манастыры ў Навінках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя просяць мітрапаліта Веньяміна вырашыць сытуацыю з галадоўкай Алега Зайца