СМІ: ЗША маюць намер вярнуцца ў Раду правоў чалавека ААН

Пясяджэньне Рады правоў чалавека ААН, Жэнэва 2019

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна абвесьціць на гэтым тыдні аб вяртаньні Злучаных Штатаў у Раду правоў чалавека ААН. Пра гэта піша Associated Press са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў.

Паводле зьвестак агенцтва, заява можа быць зробленая ўжо 8 лютага ў Жэнэве. Да канца 2021 году ЗША будуць знаходзіцца ў статусе назіральніка, але пазьней будуць выступаць за выбраньне паўнапраўным чальцом. Крыніцы Associated Press сцвярджаюць, што Вашынгтон захавае сваю пазыцыю наконт неабходнасьці рэформаў у Радзе.

ЗША выйшлі з Рады правоў чалавека ААН у 2018 годзе. Нагодай сталі рэзалюцыі з крытыкай Ізраілю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН і Эўразьвяз адрэагавалі на выхад ЗША з Рады правоў чалавека

Адміністрацыя Байдэна паступова адмяняе шэраг рашэньняў былога прэзыдэнта Дональда Трампа. У прыватнасьці, было вырашана наноў далучыцца да Парыскага кліматычнага пагадненьня, вярнуцца ў Сусьветную арганізацыю здароўя і разгледзець аднаўленьне ядзернай дамовы з Іранам.

Усяго ў Раду правоў чалавека ўваходзяць 47 дзяржаў. Тэрмін паўнамоцтваў дзяржавы-чальца складае тры гады. Выбары праводзяцца шляхам тайнага галасаваньня, і краіна-кандыдатка павінна атрымаць як мінімум 97 галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 42 краіны з Рады правоў чалавека ААН асудзілі перасьлед журналістаў у Беларусі