Сястра Калесьнікавай атрымала за Марыю ў Штутгарце нямецкую прэмію ў галіне правоў чалавека

Марыя Калесьнікава, 8 жніўня 2020

Тацяна Хоміч, сястра Марыі Калесьнікавай, якая знаходзіцца ў зьняволеньні, атрымала за яе ў Штутгарце прэмію нямецкага фонду Гергарта і Рэнатэ Баўм у галіне правоў чалавека, перадае БелаПАН.

Цырымонія прайшла 7 лютага ў межах музычнага фэстывалю Eclat. Прэмія склала 10 тысяч эўра.

Згодна з паведамленьнем штабу былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, куды ўваходзіла Калесьнікава, Хоміч зачытала прысутным зварот сястры:

«Я не шкадую аб сваім рашэньні, мне ня страшна, як і тысячам беларусаў. Цяпер мы дакладна ведаем, што свабода ўнутры, і ні турма, ні сьцены, ні краты ня здольныя яе забіць. І свабода вартая таго, каб за яе змагацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У гэтай рэвалюцыі жаночы твар». Як жанчыны зрабілі пратэст мірным

Былы міністар унутраных спраў ФРГ Гергарт Баўм ва ўступным слове адзначыў, што ў Беларусі ў траўні мінулага году акрэсьлілася пэрспэктывы зьмены ўлады — на чале зь Віктарам Бабарыкам, зьявіўся дух аптымізму.

«Марыя Калесьнікава засталася ў краіне з усімі рызыкамі для ўласнага дабрабыту, каб быць побач з усімі, хто падзяляе яе пачуцьці. Яна патрыётка. Яна любіць сваю краіну і не дае сябе выгнаць. Мы з жонкай ушаноўваем беларускую праваабаронцу Марыю Калесьнікаву за яе мужнасьць і рашучасьць змагацца за свабоду ў сваёй краіне. Цырымонія ўзнагароджаньня праходзіць тут, у Штутгарце, у рамках музычнага фэстывалю Eclat, дзе Марыя працавала доўгі час — тут, у тэатры, дзе мы сёньня знаходзімся. Сёньня ў канцы мерапрыемства мы пачуем прэмʼеру музычнага твора, напісанага для яе ансамбля vis-à-vis. На жаль, яна сама сёньня ня зможа выканаць сваю партыю флейты», — сказаў Баўм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала — сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру

Мастацкі кіраўнік фэстывалю Christine Fischer падрэсьліла, што прэміяй адзначаецца мужнасьць народу Беларусі (асабліва беларускіх жанчын), які ўжо шмат месяцаў пратэстуе супраць Аляксандра Лукашэнкі, перадае «Нямецкая хваля».

У 2020 годзе Калесьнікава, а таксама экс-кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала былі ўганараваныя прэміяй імя Марціна Лютэра «Бясстрашнае слова», заснаванай саюзам 16 гарадоў, дзе працаваў нямецкі рэфарматар. Прэмія таксама складае 10 тысяч эўра. Уручэньне пройдзе 24 красавіка ў Вормсе.

Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).

У студзені тэрмін утрыманьня Калесьнікавай пад вартай быў працягнуты да 8 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэндэровіч — Лукашэнку: «Вы паказалі неймаверную крутасьць у стаўленьні да бяззбройнага народу»