Суд над журналісткай і лекарам, якія расказалі, што ў крыві Бандарэнкі не было алькаголю, пачнецца 19 лютага

Арцём Сарокін, Кацярына Барысевіч

Суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага а 10-й гадзіне, паведаміў Tut.by.

Працэс будзе адкрытым і пройдзе ў Доме правасудзьдзя ў Менску.

Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкулу, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін, які тым самым зьняпраўдзіў словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў пʼяны.

Паводле матэрыялаў справы, Кацярына Барысевіч «бяз згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў» угаварыла лекара Арцёма Сарокіна даць вусную інфармацыю пра пацыента лякарні Рамана Бандарэнку і перадаць праз мэсэнджар Telegram фатакопіі мэдычнай дакумэнтацыі, усьведамляючы, што запытаная ёй інфармацыя складае мэдычную таямніцу і яна ня мае права на яе атрыманьне і распаўсюджваньне.

Дзеяньні Кацярыны Барысевіч кваліфікавалі паводле ч.5 арт.16 і ч.3 арт.178 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, Арцёма Сарокіна — па ч.3 ст.178 КК РБ.

Справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі. Ягоная маці ня мае доступу да матэрыялаў праверкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За кратамі, бо журналісты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьледчыя ў справе Рамана Бандарэнкі згубілі вынікі экспэртызы, — BYPOL