У Баранавічах трэнэра ў плаваньні асудзілі на два гады калёніі за «кактэйль Молатава»

У Баранавічах на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму асудзілі трэнэра-выкладчыка плаваньня Аляксея Павядайлу, паведаміла «Вясна».

Паводле абвінавачваньня, Аляксей Павядайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі гаручае рэчыва, зь якім яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах. Экспэртыза вызначыла, што склад рэчыва быў блізкі да складу «кактэйлю Молатава».

Павядайла сказаў, што не вырабляў гэтага рэчыва. А захоўваў яго для побытавых патрэбаў і выкарыстоўваць у якасьці «кактэйлю Молатава» не зьбіраўся.

У апошнім слове ён прасіў не пазбаўляць яго волі.

«Я годны грамадзянін Беларусі. У мяне дзьве вышэйшыя адукацыі, у мяне каля 100 вучняў, якія за мяне перажываюць. Добрая характарыстыка з войска (снайпэр-выведнік) — я атрымаў званьне лейтэнанта запасу, і камандзіры прасілі застацца на кантракце. Я люблю сямʼю, люблю сваіх дзяцей, і калі суд угледзіць маю віну, то прашу не пазбаўляць волі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Менску пасадзілі на 5 гадоў за выраб двух «кактэйляў Молатава»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АМАП і ГУБАЗіК не прызна́юць тэрарыстычнымі арганізацыямі. Прадстаўнік Эўразьвязу патлумачыў, чаму