Цэны на кватэры зьнізіліся ў 14 з 17 буйных гарадоў Беларусі. Сярод прычын — каранавірус, палітычная і эканамічная нестабільнасьць

Менскія навабуды

Пандэмія каранавірусу, палітычная і эканамічная нестабільнасьць, згортваньне крэдытаў наўпрост адбіліся на рынку нерухомасьці. Продажы жыльля скараціліся, а цэны за прамінулы год зьнізіліся ў большасьці буйных гарадоў краіны.

Паводле аналізу Realt.by, і ў Менску, і ў рэгіёнах асноўная маса попыту на кватэры прыйшлася на I квартал 2020 году.

З надыходам першай хвалі каранавірусу, а таксама скарачэньнем крэдытаваньня пад набыцьцё нерухомасьці на другасным рынку, зьдзелак паменела ва ўсіх гарадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Попыт на нерухомасьць у Менску дасягнуў мінімуму за апошнія 7 гадоў

Невялікі ўсплёск пакупніцкай актыўнасьці адзначаўся ў III квартале: навіна аб поўным прыпыненьні крэдытаў матывавала хутка вырашыць кватэрнае пытаньне.

Аднак агулам у адсутнасьць банкаўскіх пазыкаў цягам кастрычніка-сьнежня 2020-га рынак адчуў адток попыту: у параўнаньні з аналягічнымі месяцамі 2019-га колькасьць прададзеных кватэраў у рэгіёнах скарацілася на 43–45%. Сярод абласных цэнтраў мацней за ўсё гэта выявілася ў Віцебску — адразу на 52%. Сярод буйных цэнтраў аналягічная сытуацыя была ў Мазыры і Маладэчне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусбанк» спыніў выдачу новых крэдытаў на куплю кватэр і машын

У параўнаньні з папярэднім годам сумарная колькасьць угодаў скарацілася ў Віцебску на 25%, у Гомлі — на 27%, у Магілёве — на 16%, у Берасьці і Горадні — на 15%.

Цэны на кватэры зьнізіліся ў 14 з 17 буйных гарадоў Беларусі. Сярод абласных цэнтраў самы адчувальны адкат зафіксаваны ў Віцебску — на 6,6%. Мацней за ўсё за мінулы год цэны абваліліся ў Лідзе — амаль на 10%, а таксама ў Салігорску (–8,8%) і Баранавічах (–8,2%).