Сябра Савету Рэспублікі заявіў, што «наяжджаў» на міністраў аховы здароўя за сытуацыю з каранавірусам

Прафэсар Алег Суконка, архіўнае фота

Прафэсар Алег Суконка, які з 2010 па 2020 год узначальваў РНПЦ анкалёгіі і дагэтуль зьяўляецца сябрам Савету Рэспублікі, даў вялікае інтэрвію газэце «Народная Воля», у якім скрытыкаваў дзеяньні беларускіх уладаў адносна пандэміі каранавірусу.

У інтэрвію Алег Суконка кажа, што:

  • «трэба даваць нармальную, правільную, шчырую статыстыку па каранавірусе і зь яе зыходзіць», але сапраўднай статыстыкі «ні вы, ні я ня ведаем»;
  • пытаньне сумнеўнай статыстыкі распаўсюду COVID-19 ён ня проста «падымаў у вярхах», а «наехаў на цяперашняга і папярэдняга міністраў аховы здароўя»;
  • пытаў міністраў, чаму не было канфэрэнцыі па выніках першай хвалі каранавірусу і чаму зь яе не зрабілі высноваў;
  • дакладваў Натальлі Качанавай, што для хворых на COVID-19 павінны быць спэцыяльныя інфэкцыйныя клінікі, а лекаваць такіх хворых у лякарнях агульнага профілю — «некваліфікавана»;
  • каранавірус — «штучная рэч, створаная за мяжой».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад каранавірусу: Беларусь — 1%, Польшча — 2,7%. Як гэта атрымалася

На заяву журналіста аб тым, што ён як «сэнатар» можа агучыць гэта на Ўсебеларускім сходзе, Суконка перапытаў: «А ці варта?». Адкрытым лістом беларускіх лекараў ён не цікавіўся — «як сэнатар нават ня ўмешваўся, сядзеў ціха».

З мэдыцыны, заявіў Суконка, ён сышоў ня проста так — «эвакуавалі і пастараліся, каб мяне нідзе больш не было». З былым міністрам аховы здароўя Ўладзімерам Каранікам у яго «асабістая непрыязнасьць, прычым сур’ёзная», бо «ён рэдкі дэмагог». Калі Каранік заняў пасаду міністра, яго, Суконку, як сам ён кажа, «выкінулі бяз права працаўладкаваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чэрвені памерлі амаль на 4000 чалавек болей, чым летась. Белстат утаіў гэтыя лічбы ад беларусаў

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ