Топ-мэнэджара кампаніі «Зубр Капітал», адказнага за інвэстыцыі, асудзілі на 15 дзён арышту

Падчас акцыі пратэсту, ілюстрацыйнае фота

31 студзеня затрымалі супрацоўнікаў інвэсткампаніі «Зубр Капітал» — кіроўнага партнэра Мікалая Шастака і кіраўніка дэпартамэнту кантролю і рызыкі мэнэджмэнту Яўгена Бачышчава.

«31 студзеня нашы калегі Мікалай Шастак і Яўген Бачышчаў былі затрыманыя, — пацьвердзілі dev.by у кампаніі. — Гэта адбылося ў непрацоўны час і не на працоўным месцы. У нас няма дакладнай інфармацыі, што адбылося, але мы ведаем нашых калег як высокіх прафэсіяналаў і прыстойных людзей, якія не маглі ўчыніць супрацьпраўныя дзеяньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нядзелю ў Менску на акцыях пратэсту затрымалі каля 170 чалавек, сама меней траіх шпіталізавалі

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», пасьля затрыманьня Шастака і Бачышчава даставілі ў Кастрычніцкі РУУС Менску.

1 лютага судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Менска Алена Жывіца асудзіла Яўгена Бачышчава на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Лёс Мікалая Шастака пакуль невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Харыста Дзяніса Іванова выпусьцілі на волю. Адну зь дзяўчат, што яго сустракалі, затрымалі

«Зубр Капітал» — першая на тэрыторыі Беларусі прафэсійная кампанія, якая кіруе фондамі прамых інвэстыцый. Інвэстуе ў розныя сэктары эканомікі, уключна з тэлекамунікацыямі, інфармацыйнымі тэхналёгіямі, банкаўскай і фінансавай сфэрамі. Працуе ад 2010 году.