У Расеі на акцыях пратэсту затрымалі 5000 чалавек, гэта гістарычны рэкорд

Акцыя ў падтрымку Аляксея Навальнага ў Пецярбургу, 31 студзеня.

Завялі таксама крымінальныя справы.

31 студзеня ў дзясятках гарадоў Расеі прайшлі несанкцыянаваныя вулічныя акцыі пратэсту ў падтрымку зьняволенага палітыка Аляксея Навальнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў прымяненьне сілы супраць пратэстоўцаў у Расеі

Па апошніх дадзеных, па краіне затрымалі звыш 5 тысяч чалавек. Праваабарончы праект «ОВД-Инфо» адзначае, што гэта рэкордная колькасьць затрыманых за адзін дзень у найноўшай гісторыі Расеі. Больш за ўсё затрыманых, звыш паўтары тысячы, — у Маскве.

Штаб Аляксея Навальнага анансаваў новую акцыю пратэсту на 2 лютага — у гэты дзень суд у Маскве можа адправіць апазыцыйнага палітыка ў калёнію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве мужчына абліў сябе бэнзінам і падпаліў

Па выніках акцый заведзена некалькі крымінальных спраў.

Так, у Пецярбургу заведзеная справа аб гвалце над прадстаўніком улады. Па вэрсіі сьледзтва, удзельнік акцыі пратэсту, імя якога не называецца, двойчы стукнуў кулаком па галаве байца АМАПу. Паведамляецца, што падазраванага ўжо затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыхільнікі Навальнага ў Маскве зладзілі шэсьце да «Матроскай цішыні». Па дарозе затрымалі жонку Навальнага Юлію

У Чалябінску па выніках нядзельнай акцыі пратэсту распачатая крымінальная справа за перакрыцьцё дарог. У рамках расьсьледаваньня затрымалі 23 чалавекі, іх дапытваюць.

У Маскве заведзеная новая, другая за восем дзён, справа аб парушэньні санітарных правілаў, а таксама справа аб прывядзеньні ў непрыдатнасьць транспарту і дарог — у ёй дапытваюць затрыманых у нядзелю ўвечары апазыцыйных палітыкаў Ілью Яшына і Андрэя Піваварава.

Акрамя таго, у Маскве праводзяцца дзьве дасьледчыя праверкі: аб падпале службовага аўтамабіля «Росгвардии» і гвалце ў дачыненьні да прадстаўніка ўлады. Паведамляецца, што падазраваны ў другой справе ўжо затрыманы: ён нібыта спрабаваў ударыць бэйсбольнай бітай супрацоўніка АМАПу.