Сьвятлану Ціханоўскую вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру

Сьвятлана Ціханоўская

З такой ініцыятывай выступіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Пра ініцыятыву літоўскага прэзыдэнта паведаміла агенцтва BNS. Дарадца Гітанаса Наўседы Рыдас Ясюлёніс адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю.

Кандыдата на Нобэлеўскую прэмію міру можна вылучыць да 31 студзеня. Права на вылучэньне кандыдатаў на гэтую прэмію маюць сябры нацыянальных парлямэнтаў і ўрадаў, сябры нарвэскага Нобэлеўскага камітэту міру, рэктары і прафэсары ўнівэрсытэтаў, сябры шэрагу міжнародных інстытутаў, ляўрэаты прэміі папярэдніх гадоў і іншыя асобы.

Ляўрэатаў выбірае Нобэлеўскі камітэт. Сьпісы намінантаў не публікуюцца. Звычайна іх бывае некалькі соцень.

«Гэта невераемны гонар, і я дзякую Літве за ўсю падтрымку, якую яна аказвае беларусам. Бо вылучэньне — гэта не мая заслуга, гэта дасягненьне народу Беларусі, чыім мірным пратэстам захапляюцца мільёны людзей у розных краінах», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Дасюль толькі адзін беларус атрымліваў Нобэлеўскую прэмію — пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якой у 2015 годзе ўручылі прэмію ў літаратуры. Але таксама атрымлівалі Нобэля чатыры ўраджэнцы Беларусі як грамадзяне іншых краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рух Black Lives Matter вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла перад 700 дыпляматамі з усяго сьвету
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нобэлеўскую прэмію маглі б атрымаць беларускія жанчыны». Былы пасол Літвы пра дзьве Беларусі