Маці траіх дзяцей затрымалі двойчы за тыдзень і аштрафавалі агулам на 2900 рублёў

Менск, 17 студзеня, дваровы марш. Ілюстрацыйнае фота

У судзе Фрунзенскага раёну Менску два разы за тыдзень пасьпелі разглядзець справу Аляксандры Харытон і асудзіць яе, інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна» ў сваім Тэлеграм-канале.

Першы раз Аляксандра Харытон была затрыманая падчас суботняга маршу 23 студзеня. Маці траіх дзяцей пратрымалі ў ІЧУ трое сутак. Судзьдзя Юлія Блізьнюк 26 студзеня аштрафавала Аляксандру паводле арт. 23. 34 КаАП на 30 базавых велічынь (870 рублёў).

Вечарам 27 студзеня Аляксандру затрымалі зноў у Сухараве. Толькі гэтым разам на яе склалі ўжо два пратаколы: паводле арт. 23.34 КаАП і арт. 23.4 КаАП.

Судзьдзя Марыя Ярохіна прызнала Харытон вінаватай і дадала да 30 базавых яшчэ 70. У выніку, як піша «Вясна», суд палічыў, што 2900 рублёў — прымальная сума ў якасьці пакараньня для маці траіх дзяцей за ўдзел у дваровай мірнай акцыі.

Таксама сёньня палітычную блогерку Вольгу Такарчук аштрафавалі на 30 базавых (870 рублёў) за відэа на ютуб-канале ад 6 сьнежня

Рашэньне выносіла судзьдзя Тацяна Ліньнік. Пакуль, піша «Вясна», невядома, ці адпусьцяць Вольгу на волю, або будуць трымаць у ізалятары наступныя 72 гадзіны паводле новага пратаколу. У Вольгі дома двое дзяцей 3 і 7 гадоў. Паводле закону, суд ня можа прызначыць ёй адміністрацыйны арышт.

Вольгу затрымалі 25 студзеня ў судзе Першамайскага РУУС адразу пасьля таго, як судзьдзя Максім Трусевіч аштрафаваў яе таксама на 30 базавых за відэа на яе канале, якое зьявілася ў інтэрнэце 29 лістапада.

Раней, сьцьвярджае тэлеграм-канал «Вясны», сукамэрніца Вольгі перадала ад яе каналу @motolkohelp, што ўчастковы зь Першамайскага РУУС паабяцаў Вользе, што яе будуць судзіць за кожнае відэа на яе ютуб-канале, пасьля гэтага адпраўляць на 72 гадзіны ў ІЧУ, а потым зноў у РУУС і так па коле.

Яшчэ адну блогерку пакаралі арыштам за стрым зь сяброўскай вечарыны

Cуд Віцебскага раёну 29 студзеня разгледзеў адміністрацыйную справу блогеркі Алены Янушкоўскай, судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаваньні. Пра гэта паведамляе baj.by.

Падставай для абвінавачаньня стаў відэаролік — стрым з каляднай сяброўскай вечарыны, якая адбылася 8 студзеня ў прыватнай кавярні ў вёсцы Лучынаўка. Паводле міліцэйскага пратаколу, відэаролік знайшоў у інтэрнэце старшыня мясцовага сельскага выканкаму Юры Восіпаў. Убачыўшы людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на тэрыторыі Варонаўскага сельсавету, ён паскардзіўся ў міліцыю.

Удзельнікаў шукалі некалькі тыдняў. Алена Янушкоўская вяла стрым, не хаваючы свайго твару, і міліцыянты затрымалі яе яшчэ 27 студзеня. З таго часу яна застаецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Падчас суду блогерка не адмаўляла сваёй прысутнасьці на вечарыне, але падкрэсьліла, што вінаватай сябе ня лічыць. Судзьдзя Міхаіл Зубеня заявіў, што «перавыхаваньню яна не паддаецца», і з улікам таго, што раней яе ўжо судзілі паводле артыкулу 23.34 КаАП, прызначыў 55-гадовай жанчыне пакараньне — 7 сутак арышту. З улікам часу, праведзенага пад вартай да суду, яна мае выйсьці на волю ўвечары 2 лютага.

Алена Янушкоўская хворая на астму, мае 3-ю групу інваліднасьці, аднак у ІЧУ адмовіліся прыняць для яе перадачу з лекамі.

Суды над Дзянісам Івановым

Тым часам у Менску за вывешаны велізарны сьцяг і сьпевы ў ГЦ «Dana Mall» ужо некалькі дзён судзяць артыста Камэрнага хору Дзяніса Іванова. Справы адпраўляюць на дапрацоўку, а яго ўтрымліваюць у ізалятары

Суд Першамайскага раёну Менску ўжо два дні разглядае справу, якая вярнулася з дапрацоўкі з новым пратаколам, дзякуючы якому Дзяніс Іваноў знаходзіцца пад вартай ужо чацьвёра сутак. Дзяніс быў затрыманы 25 студзеня на працы нібыта за тое, што 14 студзеня ён вывешваў велізарны БЧБ-сьцяг у «Dana Mall».

Дзяніс Іваноў

Судзьдзя Анастасія Ляйкоўская 28 студзеня адправіла справу на дапрацоўку для запыту відэа з ГЦ.

Паводле Тэлеграм-каналу «Вясны», сёньня Дзяніса мелі выпусьціць, але стала вядома, што ў Першамайскім РУУС на яго быў складзены новы пратакол, але ўжо за тое, што Іваноў сьпяваў «Пагоню» ў тым самым гандлёвым цэнтры. Яго справу сёньня разглядала ўжо судзьдзя Тацяна Ліньнік, якая зноў адправіла справу паводле арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку. Дзяніс да гэтага часу застаецца пад вартай.