У кватэрах пяці маладых сем'яў у Гомлі прайшлі ператрусы, усіх забралі ў РАУС

Нядзельныя дваровыя пратэсты. Гомель, 27 сьнежня.

А сёмай раніцы 28 студзеня ў пяць кватэр у Навабеліцкім раёне Гомля прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.

Яны правялі ператрусы, а пасьля забралі ўсіх маладых людзей у міліцыю. Пра гэта Свабодзе паведамілі валянтэры.

Некалькі дзён таму ў Навабеліцкім раёне затрымалі Анастасію Перавошчыкаву. У яе дома, а таксама ў яе 89-гадовага дзядулі прайшлі ператрусы. Міліцыя забрала тэхніку і тэлефоны. Суд пакараў дзяўчыну арыштам на 15 сутак за здымак, знойдзены ў асабістых перапісках. На здымку быў «партызанінг» зь бел-чырвона-белым сьцягам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне вяскоўца судзяць за сьнегавіка з чырвоным шалікам у сваім двары

28 студзеня міліцыя прыйшла да іншых жыхароў Навабеліцкага раёну. Пасьля ператрусаў затрыманых завезьлі ў Навабеліцкі РАУС, дзе трымаюць да гэтай пары. Пакуль невядома, якая прычына вобшукаў і затрыманьняў. У некаторых затрыманых — малыя дзеці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрку, якая адседзела «суткі» за карагод у лесе, пакаралі арыштам за здымак ля навагодняй ялінкі з партыйным сьцягам