Макей адрэагаваў на інфармацыю пра «канцлягер пад Слуцкам»

Уладзімер Макей

«Ня веру фэйкавым навінам, якія ідуць з вуснаў апанэнтаў улады», – сказаў міністар замежных спраў Беларусі.

Уладзімер Макей ня верыць «выдумкам і фэйкавым навінам, якія ідуць з вуснаў апанэнтаў улады». Так кіраўнік МЗС пракамэнтаваў Tut.by аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу экс-кіраўніка ГУБАЗіК, а цяпер намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова расказвае пра ідэю будаваць лягеры «для востракапытных» – тых, хто асуджаны паводле палітычных артыкулаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL апублікаваў запіс чалавека, голас якога нагадвае Карпянкова: «Мы створым лягеры для пратэстоўцаў»

Макей заявіў, што як дыплямат прывык давяраць «канкрэтным фактам і аргумэнтаванай інфармацыі».

«Ведаючы, як паводзяць сябе розныя телеграм-каналы і якую інфармацыю даводзяць да нашых эўрапейскіх заходніх партнэраў апанэнты ўлады, я павінен сказаць, што я абсалютна ня веру тым выдумкам і фэйкавым навінам, якія зыходзяць з вуснаў апанэнтаў улады. Таму, перш чым прыводзіць нейкія выдуманыя факты і інфармацыю, трэба дэталёва разабрацца ў іх».

Кіраўнік МЗС дадаў: ён ня схільны сьцьвярджаць, што ў Беларусі ўсё ідэальна, але падобнага роду рэчы, на думку Макея, павінны адбывацца не пад «дыктоўку замежных куратараў, не пад ціскам вуліцы, не праз рэвалюцыю, якая нясе толькі кроў і сьлёзы, а ў рамках закону».

«Сёньня я называю гэта свавольнай дэмакратыяй, ведаю, што пасьля гэтага шэраг выпадаў у мой адрас будзе гучаць... Але, ведаючы многіх людзей, якія знаходзяцца там, за мяжой [...] я перакананы, што ў выпадку прыходу такіх да ўлады гэта будзе «фашыстуючая дэмакратыя», — заявіў Макей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлягер у цэнтры Эўропы. Некалькі высноваў з скандальнага гуказапісу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтаваліся да прыёму 2000 чалавек». Падрабязнасьці і фота будоўлі лягеру для пратэстоўцаў пад Слуцкам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская назвала міжнародную рэакцыю на дзеяньні Лукашэнкі «занадта сьціплай»