Колькасьць заражэньняў каранавірусам у сьвеце перавысіла 100,8 млн, колькасьць ахвяр — 2,17 млн

Колькасьць выяўленых заражэньняў каранавірусам у сьвеце з пачатку пандэміі на раніцу чацьвярга склала 100 млн 866 тысяч 32 выпадкі, прыводзіць дадзеныя амэрыканскага ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза «​Інтэрфакс».

Ва ўсім сьвеце колькасьць памерлых ад зьвязаных з COVID-19 захворваньняў вырасла за дзень да 2 млн 174 тыс. 129, паправіліся больш за 72 млн чалавек.

У лік краін, дзе 5 млн і болей заражэньняў каранавірусам, уваходзяць ЗША, Індыя і Бразылія.

Лідэрам у колькасьці тых, хто заразіўся і хто памёр, застаюцца Злучаныя Штаты, дзе выяўлены 25 млн 598 тыс. 61 інфікаваны, зафіксавана 429 тыс. 195 сьмяротных выпадкаў, выздаравелі больш за 15 млн чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выявілі 1651 новага хворага, памерлі 10. Афіцыйная статыстыка COVID-19

Другое месца ў колькасьці тых, хто заразіўся, займае Індыя, дзе колькасьць пацьверджаных выпадкаў COVID-19 з пачатку пандэміі склала 10 млн 701 тыс. 193, колькасьць памерлых — 153 тыс. 847, паправіліся звыш 10,3 мільёна чалавек.

Трэцяя пазыцыя ў сьвеце ў колькасьці інфікаваных у Бразыліі. Там за час пандэміі зарэгістравана 8 млн 996 тыс. 876 захварэлых, зь іх памерлі 220 тыс. 161 чалавек, паправіліся звыш 7,9 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвеце 100 мільёнаў выпадкаў заражэньня COVID-19

Паводле зьвестак парталу Worldometer, які спэцыялізуецца на статыстыцы аб найважнейшых сусьветных падзеях, каэфіцыент сьмяротнасці на 1 млн насельніцтва плянэты склаў на раніцу чацьвярга 280,2. У ЗША на 1 млн жыхароў памерлі 1 тыс. 323 чалавекі, Індыі — 111, Бразыліі — 1 тыс. 32.