Экс-кіраўнік штабу Цапкалы анансаваў стварэньне новай партыі

Валеры Цапкала і Андрэй Ланкін, архіўнае фота

Андрэй Ланкін, былы кіраўнік ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, анансаваў стварэньне аргкамітэту партыі «Дэмакратычны саюз».

Цяпер у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый, апошнюю зарэгістравалі ў 2000 годзе — Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас важна, што мы побач зь Беларусьсю». Валер і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію

Андрэй Ланкін заявіў, што ідэя стварыць партыю зьявілася яшчэ ў момант аб’яднаньня трох штабоў: Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай.

«Прадстаўнікі нашай каманды бралі актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі ў складзе розных штабоў. Я быў адным з ініцыятараў аб’яднанага штабу і ўдзельнікам першага сходу 16 ліпеня. Ужо тады ў паветры лунала ідэя стварэньня палітычнай партыі на аснове той неверагоднай хвалі грамадзянскай актыўнасьці, якую прадэманстравалі беларусы летам 2020-га», — цытуе яго партал Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць палітычных партый Беларусі заклікалі ўлады не разгортваць рэпрэсіі паводле партыйнай прыналежнасьці

Экс-кіраўнік ініцыятыўнай групы Валера Цапкалы лічыць, што яго партыя будзе зарэгістраваная, нягледзячы на тое, што такога не здаралася больш за 20 гадоў.

«Мы мяркуем, што бліжэйшым часам адбудуцца тыя зьмены, якія дазволяць нам зарэгістраваць партыю. Якія? Пашырэньне ролі партый у галіне дзяржаўнага кіраваньня», — адзначыў ён.

У аргкамітэт па стварэньні партыі ўвайшлі Андрэй Ланкін, Мікалай Серыкаў, Аляксандар Дзяшко, Мікалай Каваленка. Экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты Валеры Цапкала далучацца да аргкамітэту не плянуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Савеце Рэспублікі правялі «круглы стол» па новай Канстытуцыі. Запрасілі і апазыцыю

На пытаньне, будзе партыя апазыцыйная ці праўладная, прадстаўнікі аргкамітэту адказаць не змаглі.

«Мы будзем падтрымліваць тых грамадзян, якія хочуць пераменаў, разумеюць, як іх рабіць, — сказаў Андрэй Ланкін.

Да канца лютага прадстаўнікі аргкамітэту плянуюць стварыць ініцыятыўную групу дзеля стварэньня партыйных структур у рэгіёнах, а да чэрвеня абвясьціць дату правядзеньня зьезду.