За аўторак менскія судзьдзі далі затрыманым за акцыі пратэсту людзям сумарна каля году арышту.
26 студзеня валянтэры Праваабарончага цэнтру «Вясна» назіралі за 36 судовымі працэсамі. 20 чалавек на іх пакаралі адміністрацыйным арыштам. Агулам атрымалася 345 дзён арышту.
- 13 чалавек асудзілі на 15 сутак;
- 5 чалавек, акрамя арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі), асудзілі яшчэ і паводле арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне), таму ў няволі яны будуць 25 дзён;
- па адным чалавеку атрымалі, адпаведна, 13 і 12 содняў арышту.
11 чалавек 26 студзеня аштрафавалі. У тым ліку тры пэнсіянэркі атрымалі па 725 рублёў штрафу. Агульная сума склала амаль 5 тысяч даляраў у эквіваленце, 12 035 беларускіх рублёў.
У некалькіх выпадках судзьдзі накіравалі справы на дапрацоўку, пасьля чаго затрыманыя выйшлі на волю па заканчэньні 72 гадзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін сёньня — гэта Лукашэнка». Віктар Шэндэровіч пра тое, чаму людзі выйшлі на пратэсты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах