Пуцін хоча заканадаўча забараніць параўнаньне СССР з нацысцкай Нямеччынай

Cумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў у Берасьці, 22 верасьня 1939.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін рэкамэндаваў Дзярждуме падрыхтаваць законапраект аб забароне публічнага атаясамліваньня роляў СССР і нацысцкай Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне і прыняць яго падчас вясновай сэсіі.

Як паведамляе выданьне Delfi, даручэньне ўтрымліваецца ў пераліку, апублікаваным Крамлём па выніках пасяджэньня Рады па культуры і мастацтва.

Заканадаўчую норму мяркуецца ўнесьці ў фэдэральны закон «Аб увекавечаньні перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў».

Адказным прызначаны сьпікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін, а тэрмінам выкананьня даручэньня пазначаны 1 ліпеня 2021 года. Законапраект даручана падрыхтаваць пры ўдзеле арганізацыйнага камітэта «Перамога».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падтрымаў ідэю забараніць параўнаньне СССР і нацысцкай Нямеччыны

У кастрычніку 2020 года на пасяджэньні Рады па культуры і мастацтва было ўзьнятае пытаньне аб узмацненьні адказнасьці за атаясамліваньне дзеяньняў СССР і нацысцкай Нямеччыны. З гэтай прапановай выступіла кіраўнік камітэту Дзярждумы па культуры Алена Ямпольскага.

Пуцін зь ёй пагадзіўся. «Калі ў некаторых краінах за адмаўленьне генацыду армян прадугледжана крымінальнае пакараньне, нам сам Бог загадаў, напэўна, уключаць адпаведныя мэханізмы для абароны зусім нядаўняга мінулага», —цытуе словы Пуціна на тым пасяджэньні ВВС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка хваліў Гітлера

У траўні таго ж года дэпутат Думы Аляксей Жураўлёў прапанаваў забараніць прыраўноўваньне ідэалёгіі СССР да нацызму.

  • Тэма адказнасьці, нароўні з кіраўніцтвам нацысцкай Нямеччыны, кіраўніцтва СССР і пэрсанальна Сталіна за разьвязваньне Другой сусьветнай вайны, у тым ліку і праз падпісаньне «пакту Молатава-Рыбэнтропа» абмяркоўваецца з пачатку 90-х гадоў, калі на нейкі час прыадчыніліся раней сакрэтныя архівы былога СССР. Дыскусіі ідуць як у навуковых гістарычных колах, гэтак і ў грамадзтве. Пакуль невядома, што будзе зь цяпер ужо даволі аб’ёмнай літаратурай на гэтую тэму, якая выйшла ў апошнія дзесяцігодзьдзі, калі прапанаваны Пуціным закон будзе прыняты. Таксама няясна, ці патрапяць пад ягонае дзеяньне заходнія гісторыкі, якія лічаць, што адказнасьць за самую кровапралітную ў гісторыі чалавецтва вайну Гітлер і Сталін павінны падзяліць разам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі за пакт Молатава — Рыбэнтропа»