«Рыхтаваліся да прыёму 2000 чалавек». Падрабязнасьці і фота будоўлі лягеру для пратэстоўцаў пад Слуцкам

На сувязь са Свабодай выйшаў адзін з удзельнікаў пераўтварэньня лячэбна-працоўнага прафілякторыю (ЛПП) № 3 у нешта падобнае да канцэнтрацыйнага лягеру для ўдзельнікаў пратэстаў у жніўні 2020 году.

Сьцісла

  • Новыя сьведчаньні былых вязьняў лягеру пад Слуцкам. Яны таксама расказваюць, што лягер быў абгароджаны высокім плотам з вышкамі для аховы.
  • Сьведка будаўніцтва лягеру расказаў, што ЛПП № 3 пад Слуцкам вырашылі пераабсталяваць для ўтрыманьня пратэстоўцаў 10 жніўня.
  • Лягер прызначаўся для ўтрыманьня прыкладна 2000 чалавек. Іх пачалі прывозіць зь Менску 12 жніўня.
  • Абсталяваньне для лягеру пад Слуцкам звозілі з розных месцаў Беларусі, у тым ліку з вайсковых частак і папраўчых калёніяў.
  • Унутранай аховай лягера займаўся Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Вонкавай — салдаты Мінабароны.
  • Пасьля нечаканага вызваленьня вязьняў 15 жніўня лягер быў ліквідаваны за некалькі дзён.

Свабода даслала афіцыйны запыт у Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай пракамэнтаваць дэталі стварэньня лягера пад Слуцкам. Мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

19 студзеня Свабода апублікавала сьведчаньні фатографа выданьня «Новы час» Дзьмітрыя Дзьмітрыева, які 13–14 жніўня знаходзіўся на тэрыторыі лягеру пад Слуцкам, куды трапіў з Акрэсьціна. Дзьмітрыеў расказаў, што прыгадаў тое месца пасьля публікацыі запісу выказваньняў Мікалая Карпянкова пра дазвол на стварэньне ў Беларусі канцэнтрацыйных лягераў для пратэстоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што будуюць новы Асьвенцім». Фатограф расказаў, як у жніўні з Акрэсьціна трапіў у незвычайнае месца

«Цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі»

Свабода пагаварыла яшчэ з двума былымі вязьнямі лягера пад Слуцкам. Адзін зь іх, Зьміцер Хведарук, таксама трапіў у лягер 13 жніўня з Акрэсьціна.

Зьміцер Хведарук

«Нам не казалі, куды вязуць, — расказвае Зьміцер. — Прывезьлі, паставілі на халодным паветры, ля сьценкі. Мы былі ў адных цішотках, холадна было вельмі. Потым адвялі ў душ, памарозілі яшчэ мокрымі. Пасьля прыйшоў прадстаўнік унутраных войскаў і сказаў, што мы знаходзімся ў слуцкім ІЧУ. Я ў галаве перакруціў умоўна свае веды пра беларускія турмы і зразумеў, што ў Слуцку такой установы няма. Было цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі. Абсалютна незразумела, дзе мы знаходзіліся».

Аўтазакі з затрыманымі

Зьміцер кажа, што ім забаранялі азірацца і падымаць галаву. Начавалі затрыманыя ў бараку, агулам іх было там каля 150 чалавек. Барак нагадваў вайсковую казарму. Вызвалялі ўсіх на наступны дзень па сьпісах. Перад вызваленьнем усім давалі падпісаць паперу, дзе папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць у выпадку паўторнага затрыманьня.

Яшчэ адзін былы вязень лягеру пад Слуцкам пажадаў застацца ананімным. Ён расказаў Свабодзе, што трапіў туды пасьля таго, як 10 жніўня яго выпадкова затрымалі ў Менску. У Слуцак прывезьлі празь некалькі дзён з Акрэсьціна.

«Гэта быў лягер, — кажа суразмоўца. — Сьцены, вышкі, калючы дрот. Усё ў лесе, далёка ад дарогі. Тэрыторыя даволі вялікая, у нашым бараку было каля 100 чалавек. Усяго такіх баракаў было яшчэ 3–4, цяпер я дакладна не прыгадаю. Нам сказалі, што калі мы ня будзем выконваць распараджэньні адміністрацыі, то вернемся назад на Акрэсьціна. Цяжка сёньня ўспамінаць пра тое месца. Мы ўсе азіраліся па баках і думалі толькі пра тое, каб хутчэй адтуль выбрацца. Гэта быў напалову турэмны рэжым. Ахоўвалі нас людзі, якія звычайна працуюць з алькаголікамі».

Гэтыя фота былі зробленыя падчас будаўніцтва лягеру для пратэстоўцаў

ЛПП № 3 пад лягер абсталявалі на чацьвёрты дзень пратэстаў

Са Свабодай таксама зьвязаўся чалавек, які прыслаў у рэдакцыю сэрыю фота, зробленых падчас будаваньня лягеру. На ўмовах ананімнасьці ён таксама расказаў некаторыя падрабязнасьці пра ўстанову, куды 13 жніўня з Акрэсьціна прывезьлі некалькі соцень затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Сапраўднасьць здымкаў Свабодзе пацьвердзіў Дзьмітры Дзьмітрыеў. Сказаў, на фота «на 99% тое месца, дзе я быў 13–14 жніўня».

«10 жніўня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў было даручана падрыхтаваць у тэрміновым парадку адну з тэрыторый пад арганізацыю лягеру, — сьцьвярджае суразмоўца. — Было вырашана выкарыстоўваць для гэтага тэрыторыю ЛПП № 3 каля Слуцку. Тых, хто там знаходзіўся на лячэньні, тэрмінова этапавалі ў іншыя ўстановы. 12 жніўня ЛПП № 3 абсталявалі для ўтрыманьня грамадзян пад ваенізаванай аховай».

Па словах суразмоўцы, пэрсанал спачатку ня ведаў, для каго канкрэтна пераабсталёўваюць тэрыторыю ЛПП. Арганізацыяй лягеру займалася ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў у Менску і Менскай вобласьці. Пры гэтым абсталяваць лягер было неабходна вельмі хутка. Рыштунак вазілі зь іншых ЛПП і папраўчых калёній.

«З Навасадаў (там разьмешчаная папраўчая калёнія № 14. — РС) арганізавалі дастаўку ложкаў, — расказвае відавочца. — Вельмі сьпяшаліся, вазілі самазвалам. Прадпрыемству, разьмешчанаму на базе ЛПП, было даручана на працягу сутак распрацаваць і вырабіць вышкі для аховы пэрымэтру лягера. Для ўладкаваньня так званага лягеру прыцягнулі людзей, якія ўтрымліваліся ў ЛПП. На тэрыторыі ўжо наяўнай жылой зоны прафілякторыю паставілі намёты, тэрыторыю дзялілі на квадраты. Выкопвалі ямы, ставілі слупы, усё абносілі калючым дротам».

Па словах суразмоўцы, лягер на тэрыторыі ЛПП № 3 мог быць толькі адным з будучай сеткі падобных месцаў. Рабочым, якія рабілі вышкі для пэрымэтру лягеру, загадалі рабіць іх мабільнымі. Каб можна было ў будучыні лёгка выкарыстоўваць іх у розных месцах. Вытворчасьць ставілі на паток. Штосьці з абсталяваньня лягеру прывозілі і з вайсковых частак. Напрыклад, рукамыйнікі.

Лягер ахоўвалі вайскоўцы Мінабароны

«Тэрыторыя рыхтавалася да прыёму каля 2000 чалавек, — кажа суразмоўца. — З усёй Беларусі ў Слуцак былі выпраўленыя супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў з сабакамі. Пры гэтым супрацоўнікі ДВП прыцягваліся выключна для аховы ўнутры гэтага лягеру. Аховай пэрымэтру і прылеглага лесу займаліся вайскоўцы, падначаленыя Мінабароны».

Крыніца сьцьвярджае, што ў слуцкі лягер таксама выправілі мэдыкаў. Людзей з Акрэсьціна ў лягер пачалі прывозіць 13 жніўня прыкладна а 15-й гадзіне. У гэты час сюды прыехала першая вялікая калёна аўтазакаў у суправаджэньні ДАІ. Другая калёна прыбыла а 18-й гадзіне. Яе суправаджалі службоўцы з унутраных войскаў, у тым ліку з часткі, разьмешчанай у Менску на вуліцы Маякоўскага. Па словах суразмоўцы, шмат хто з прывезеных аўтазакамі людзей быў пабіты.

15 жніўня людзей пачалі масава вызваляць зь лягера. За некалькі соцень мэтраў ад яго былых арыштантаў сустракалі валянтэры і адвозілі ў Менск.

Сам лягер хутка разабралі.

«Праз 4 дні прыйшла каманда тэрмінова ўсё дэмантаваць, — кажа сьведка. — У ЛПП вярнулі тых, каго тут утрымлівалі раней і вывезьлі пасьля 10 жніўня. На сёньняшні дзень ЛПП № 3 функцыянуе ў штатным рэжыме».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL апублікаваў запіс чалавека, голас якога нагадвае Карпянкова: «Мы створым лягеры для пратэстоўцаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлягер у цэнтры Эўропы. Некалькі высноваў з скандальнага гуказапісу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляць і садзіць у канцлягеры: рэцэпты Карпянкова