Калі рэвалюцыя прыводзіць да горшага. Як зьмяніўся Эгіпет за 10 год

Каір, 11 лютага 2011 года

25 студзеня 2011 году ў Эгіпце пачаліся антыўрадавыя пратэсты. Пасьля 18 дзён масавых дэманстрацый Хосьні Мубарак, які правіў краінай 30 год, пайшоў у адстаўку. Правяраем, што зьмянілася ў Эгіпце з таго часу.

Што стала прычынай пратэстаў

Дэманстрацыі ў Эгіпце пачаліся пасьля посьпеху рэвалюцыі ў Тунісе, дзе пратэстоўцы дамагліся зьмены ўлады. Першая масавая акцыя адбылася ў сталіцы краіны — Каіры. Яна называлася «Дзень Гневу» і была арганізаваная праз сацыяльныя сеткі на плошчы Тахрыр. Людзі пратэставалі супраць беднасьці, карупцыі, абмежаваньня грамадзянскіх правоў і шматгадовага праўленьня Мубарака.

Хто кіраваў пратэстамі

Каб аб’яднаць разрозьненыя плыні паўстаньня, частка маладых актывістаў сфармавала Рэвалюцыйную моладзевую кааліцыю. З эміграцыі вярнуўся Мухамэд Аль-Барадэй, які лічыўся лідэрам лібэральнай часткі апазыцыі. Але гэтая кааліцыя падзялілася, сутыкнуўшыся зь дзьвюма значна мацнейшымі сіламі: Братамі-мусульманамі, які прыйшлі да ўлады на бліжэйшых выбарах, і вайскоўцамі.

Каір, 18 лютага 2011

Як перамагла рэвалюцыя

На трэці дзень пратэстаў адбыліся сілавыя сутыкненьні. Загінулі дзясяткі ўдзельнікаў пратэстаў. На вуліцы было выведзенае войска, а інтэрнэт і мабільную сувязь адключылі.

29 студзеня Мубарак адправіў у адстаўку ўрад, але гэта не дапамагло. 1 лютага на плошчы Тахрыр сабралася каля 1 мільёна чалавек. Прэзыдэнт у адказ паабяцаў не балятавацца на чарговы тэрмін. І гэта не спыніла пратэстаў.

11 лютага, пасьля 30 год кіраваньня Эгіптам, Хосьні Мубарак падаў у адстаўку.

Што адбылося пасьля

У сакавіку ў краіне адбыўся рэфэрэндум. Большасьць грамадзян падтрымалі зьмены ў Канстытуцыю: сярод іншага — абмежаваньне ўлады прэзыдэнта двума 4-гадовымі тэрмінамі і лібэралізацыю выбарчага заканадаўства.

Адмысловая камісія па расьсьледаваньні гвалту супраць пратэстоўцаў абвінаваціла Мубарака і кіраўніка МУС у наўмысных забойстваў (падчас рэвалюцыі загінулі 846 чалавек). У 2012 годзе Мубарака асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Разам зь ім судзілі і сыноў — за карупцыю.

Мубарак па дарозе ў суд, 2014 год

Хто прыйшоў да ўлады пасьля рэвалюцыі

Шырокая кааліцыя праціўнікаў Мубарака, ад ісламістаў да сьвецкіх, пацярпела паразу адразу пасьля таго, як Мубарак пакінуў уладу. Самым гучным голасам у палітычнай дыскусіі стаў самы радыкальны.

На парлямэнцкіх выбарах перамагла Партыя свабоды і справядлівасьці, створаная Братамі-мусульманамі. Менавіта ісламісты перахапілі палітычную ініцыятыву падчас выбараў. З гэтага кола быў абраны і прэзыдэнт — Мухамэд Мурсі. Адразу пасьля перамогі Мурсі пачаў выдаваць дэкрэты, якія давалі яму новыя паўнамоцтвы і абмяжоўвалі ўладу іншых дзяржаўных органаў. Апазыцыя назвала гэта пагрозай дэмакратычным зьменам. У краіне зноў пачаліся пратэсты.

У 2013 годзе ў выніку вайсковага перавароту Мурсі страціў уладу. Супраць актывістаў Братоў-мусульман пачаліся рэпрэсіі, тысячы былі забітыя, дзясяткі тысяч арыштаваныя. Саму арганізацыю прызналі тэрарыстычнай.

Мухамэд Мурсі, 2013 год

Хто кіруе Эгіптам цяпер

З 2014 году Эгіптам кіруе генэрал Абдэль Фатах ас-Сісі, які і ўзначаліў пераварот супраць Мурсі. Яго ўлада лічыцца яшчэ больш дэспатычнай, чым у часы Мубарака. Перасьлед ім палітычных апанэнтаў апошнія называюць самым жорсткім за апошнія дзесяцігодзьдзі ў краіне.

Якая цяпер палітычная сытуацыя ў Эгіпце

Дзясяткі тысяч людзей былі вымушаныя ўцякаць з Эгіпту. Сярод іх вядомыя навукоўцы, журналісты, мастакі ды іншыя інтэлектуалы. У краіне пануе атмасфэра страху, якая ўскладняе працу любой палітычнай апазыцыі.

Паводле Сусьветнага банку, у 2011 годзе пачала імкліва павялічвацца эміграцыя з краіны. У 2017 годзе з Эгіпту зьехала амаль 3,5 мільёна чалавек, гэта амаль на 60 тысяч больш, чым у 2013 годзе.

Эгіпцяне найчасьцей уцякаюць у Бэрлін, Парыж, Лёндан, а таксама ў Турэччыну, Катар, Судан і ў азіяцкія краіны, такія як Малайзія і Паўднёвая Карэя.

Здараліся выпадкі, калі палітычных эмігрантаў, якія вядуць актыўную дзейнасьць, пазбаўлялі эгіпецкага грамадзянства.

Банэр з выявай Абдэля Фатаха ас-Сісі

Што з эканомікай

Пасьля рэвалюцыі Эгіпет атрымаў ад краінаў Пэрсыдзкай затокі больш за 90 млрд даляраў. Больш за дзесяць мільярдаў выдзеліў МВФ. У 2017 годзе інфляцыя ў краіне склала ажно 30%. Вонкавы доўг у 2018-м склаў больш за 90 млрд даляраў, унутраны — 90% ад ВУП.

Тым часам ас-Сісі будуе новую сталіцу ў пустыні на ўсходзе краіны. Плянавалася, што ён пераедзе туды ў 2020 годзе, але будоўля зацягваецца.

Як выглядае сытуацыя з правамі чалавека

Па ацэнках Human Rights Watch, у 2019 годзе ў Эгіпце было 60 тысяч палітвязьняў. Камітэт па абароне журналістаў ставіць Эгіпет на трэцяе месца пасьля Кітаю і Турэччыны па колькасьці затрыманьняў журналістаў.

Мячэт Аль-Фатах аль-Алім у новай адміністатыўнай сталіцы Эгіпта, 45 км на ўсход ал Каіра

Што на ўсё гэта адказвае ас-Сісі

Прэзыдэнт краіны сьцьвярджае, што ў Эгіпце няма палітычных зьняволеных. Пра арышт журналіста ці праваабаронцы паведамляецца прыкладна кожны месяц. Многія трапілі ў турму па абвінавачаньні ў тэрарызьме, парушэньні забароны на акцыі пратэсту ці распаўсюдзе хлусьлівых навін. Іншыя застаюцца пад вартай да суду на нявызначаны тэрмін.

Ас-Сісі сьцьвярджае, што Эгіпет стрымлівае ісламскі экстрэмізм, каб не пагрузіцца ў хаос, як суседнія краіны.

У 2017 годзе Мубарака вызвалілі з турмы. Летась ён памёр на 92 годзе жыцьця ў Каіры. У заяве з нагоды яго сьмерці ас-Сісі назваў Мубарака «вайсковым лідэрам і героем вайны». Былога прэзыдэнта пахавалі з вайсковымі ўшанаваньнямі. Мухамэд Мурсі, які ўзначаліў краіну пасьля Мубарака, памёр за восем месяцаў да яго, падчас судовага паседжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозныя прэзыдэнты Беларусі і Эгіпту