У Расеі завялі крымінальную справу аб парушэньні санітарных правілаў пасьля акцыяў у падтрымку Навальнага

Акцыя ў Маскве. 23 студзеня.

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб парушэньні санітарна-эпідэмічных правілаў у сувязі з акцыямі ў падтрымку Аляксея Навальнага, якія прайшлі ў суботу ў дзясятках гарадах Расеі.

Пра гэта паведаміў кіраўнік юрыдычнага аддзелу Фонду барацьбы з карупцыяй Вячаслаў Гімадзі.

Дырэктар ФБК Іван Жданаў расказаў, што ў гэтай справе ўжо апытваюць супрацоўнікаў фонду, пакуль у якасьці сьведак. Сьледчыя прыходзілі да прэс-сакратара Навальнага Кіры Ярмыш, каардынатара маскоўскага штабу Навальнага Алега Сьцяпанава і намесьніка кіраўніка аддзелу расьсьледаваньняў ФБК Георгія Албурава. Усе яны ў гэты момант знаходзяцца ў спэцпрыёмніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўсёй Расеі прайшлі акцыі пратэсту. Дзясяткі тысяч удзельнікаў, тысячы затрыманых

Артыкул Крымінальнага кодэксу Расеі «Парушэньне санітарна-эпідэмічных правілаў» прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да двух гадоў, а ў выпадку таго ж дзеяньня, якое пацягнула празь неасьцярожнасьць сьмерць дзьвюх або больш асоб — да сямі гадоў.

За апошнія суткі Сьледчы камітэт Расеі завёў больш за дзесяць крымінальных спраў на ўдзельнікаў пратэстаў у падтрымку апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, зьняволенага ў маскоўскі ізалятар «Матроская цішыня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначаюць для Беларусі расейскія пратэсты?

У большасьці гарадоў Расеі ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі забароненыя масавыя мерапрыемствы. Прыхільнікам Аляксея Навальнага, якія падавалі заяўкі на мітынгі 23 студзеня, улады адмаўлялі ў іх правядзеньні менавіта праз гэта. Тым ня менш пратэстоўцы ўсё роўна выйшлі на плошчы гарадоў. Паводле ацэнкі штабу Навальнага, усяго ў акцыях пратэсту ўзялі ўдзел каля 250 тысяч расейцаў.