У Кіеве ўшанавалі памяць беларуса Міхася Жызьнеўскага і іншых, хто загінуў за Рэвалюцыю Годнасьці. ФОТА

Памятны знак у гонар Міхася Жызьнеўскага ў Кіеве

Удзельнікі акцый пратэсту, якія адбываліся ў Кіеве зь лістапада 2013-га да канца лютага 2014 году, у сёмую гадавіну першых расстрэлаў на Майдане ўшанавалі памяць герояў Нябеснай сотні.

Сярод першых ахвяраў былі Сяргей Нігаян, Міхась Жызьнеўскі, Раман Сенік, Юры Вярбіцкі.

Шэсьце памяці арганізавала грамадзкая арганізацыя «Сям’я Герояў Нябеснай сотні». Яно рушыла з вуліцы Грушэўскага. Удзельнікі акцыі, да якіх далучыліся і некалькі беларусаў-уцекачоў, спыняліся каля кожнага памятнага знаку, усталяванага пасьля трагічных падзеяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя Ўкраіны

Ушанаваньне памяці беларускага Героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага

Удзельнікі акцыі запалілі зьнічы і ўсклалі кветкі да памятных знакаў загінулым. Там жа, на вуліцы Грушэўскага, адбылася і паніхіда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазраваных у забойстве Жызьнеўскага не знайшлі, бо ў пачатку сьледзтва замялі сьляды — адвакат

Як казала Свабодзе адвакатка ў справе Нябеснай сотні Яўгенія Закрэўская, расьсьледаваньне гэтага эпізоду ўскладнена тым, што ўсе першасныя сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў пэрыяд, калі пратэст працягваўся (аж да канца лютага 2014 году) і хутчэй мелі на мэце замесьці сьляды і адвесьці падазрэньне ад праваахоўнікаў, чым раскрыць злачынства.

Помнікі загінулым на Майдане

Людзі ўскладалі кветкі, а прадстаўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны правёў служэньні на месцах гібелі Міхася Жызьнеўскага і ўсіх тых, хто загінуў у гэты дзень 7 гадоў таму.

«Я прыйшоў ушанаваць памяць Міхася Жызьнеўскага ня толькі таму, што ён герой Украіны. Ён герой-беларус, які зьяўляецца прыкладам адвагі і гонару», — сказаў Свабодзе беларус Аляксей.

Служба па ахвярах падзеяў 2013–2014 гадоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На абароне рэжыму Лукашэнкі. Што вядома пра былых беркутаўцаў, якія апынуліся ў беларускім АМАПе