60-гадовага менчука асудзілі на 2 гады калёніі за 2 удары амапаўцу. Ён не прызнаў віны

У судзе Цэнтральнага раёну, архіўнае фота

У судзе Цэнтральнага раёну 21 студзеня вынесьлі прысуд 60-гадоваму Аляксандру Губейку, затрыманаму 4 кастрычніка, паведаміла «Вясна».

Суд прызнаў яго вінаватым у гвалце супраць міліцыянта. Паводле пацярпелага (з утоеным імем і прозьвішчам), Губейка двойчы яго ўдарыў, каб адбіць пратэстоўца, якога міліцыянт зьбіраўся затрымаць. Міліцыянт сказаў, што пасьля гэтага трапіў у шпіталь на «9-10 дзён».

Аляксандар Губейка заявіў, што апынуўся ў месцы правядзеньня акцыі выпадкова, а пратакол, дзе напісана, што ён біў міліцыянта, падпісаў пад ціскам. Ён адзначыў, што ў яго некалі была складаная траўма пляча, пасьля якога рука дрэнна функцыянуе, і таму ён ня мог і ня стаў бы біць амапаўца.

Адвакат зьвярнуў увагу на супярэчнасьці ў справе:

  • разыходжаньне часу і месца з тым, што напісана ў пратаколе,
  • разыходжаньне ў званьні пацярпелага (быў сяржант, стаў старшы прапаршчык),
  • мяняліся паказаньні аб міліцэйскай машыне,
  • не супадаюць паказаньні пра шкоду здароўю.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня, аднак, прызнала Аляксндра Губейку вінаватым, адправіла яго ў калёнію на 2 гады і пастанавіла выплаціць 2500 рублёў пацярпеламу міліцыянту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах