Узгорак, на які паднялася Аманда Горман. Хто яна?

Аманда Горман

На інаўгурацыі Джо Байдэна як 46-га прэзыдэнта ЗША на ўзгорку Капітолію ў Вашынгтоне 20 студзеня свой верш прачытала 22-гадовая афраамэрыканская паэтка і грамадзкая актывістка Аманда Горман.

Аманда Горман прачытала верш пад загалоўкам «The Hill We Climb» («Узгорак, на які падымаемся»). Гэты твор яна напісала неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША 3 лістапада 2020 году і, як адзначае артыкул у Вікіпэдыі, унесла ў яго важныя дапаўненьні пасьля захопу Капітолію 6 студзеня 2021 году пратэстоўцамі, якія падтрымлівалі Дональда Трампа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга марнаваць часу». Што Джо Байдэн зрабіў у першы дзень прэзыдэнцтва

Аманда Горман стала шостым па ліку і наймаладзейшым паэтам, якога папрасілі прачытаць свой твор на прэзыдэнцкай інаўгурацыі ў ЗША. Гэтая традыцыя пачалася ў 1961 годзе, калі на інаўгурацыі Джона Кенэдзі свой твор прачытаў Робэрт Фрост, адзін з найбольш вядомых амэрыканскіх паэтаў ХХ стагодзьдзя. Потым «інаўгурацыйная паэзія» чыталася яшчэ чатыры разы, на інаўгурацыях Біла Клінтана і Барака Абамы.

Аманда Горман (нар. 1998) годзе выдала свой першы паэтычны зборнік — «The One for Whom Food Is Not Enough» («Той, для каго ежа — яшчэ ня ўсё») — у 2015 годзе. У 2017 годзе Бібліятэка Кангрэсу ЗША надала ёй тытул Нацыянальнага моладзевага паэта-ляўрэата ЗША (гэты тытул быў уведзены якраз у тым годзе).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн і Камала Гарыс афіцыйна ўступілі на пасаду прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША. ФОТА, ВІДЭА

Аманда Горман нарадзілася і жыве ў Лос-Анджэлесе, выхавала яе маці-настаўніца. Яе сястра-блізьнятка Габрыэла – таксама грамадзкая актывістка, як і Аманда. У паэзіі і актывізьме Аманда Горман галоўную ўвагу аддае праблемам дыскрымінацыі, фэмінізму, сацыяльнай маргіналізацыі.

Your browser doesn’t support HTML5

Джо Байдэн — 46-ы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі ВІДЭА