Журналістцы Tut.by Барысевіч падоўжылі арышт, але не апублікавалі гэтага рашэньня

Кацярына Барысевіч

19 студзеня мінулі два месяцы з моманту затрыманьня журналісткі Кацярыны Барысевіч. Паколькі на волю яна ня выйшла, гэта азначае, што меру стрыманьня не зьмянілі і яна працягвае заставацца ў сьледчым ізалятары.

Тэрміны падаўжэньня тэрміну зьняволеньня журналісткі парталу Tut.by не абвяшчаецца — Генпракуратура лічыць гэта «тайнай сьледзтва».

Другі абвінавачаны ў гэтай жа справе, лекар Арцём Сарокін, таксама застаецца пад вартай, нягледзячы на прызнаньні, якія ён двойчы агучыў для дзяржаўнай тэлевізіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай не дазволілі спаткацца з мужам

Кацярыну Барысевіч затрымалі летась 19 лістапада. Пазьней ёй і лекару шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Арцёму Сарокіну прад’явілі абвінавачаньне ў «выдаваньні мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК).

Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві памерлага актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Гэта разыходзіцца з вэрсіяй Сьледчага камітэту і Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калегі лекара, які паведаміў, што забіты Раман Бандарэнка быў цьвярозы, хадайнічаюць аб вызваленьні яго да суду

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін знаходзяцца ў СІЗА № 1 Менску. Пры гэтым родныя Рамана Бандарэнкі да журналісткі і доктара прэтэнзій ня маюць. За зьбіваньне і сьмерць актывіста нікога не затрымалі, дагэтуль не завялі крымінальную справу, родных не прызналі пацярпелымі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязьнямі сумленьня.