Да галадоўкі салідарнасьці зь Ігарам Лосікам далучыўся сьвятар

Менская духоўная акадэмія, ілюстрацыйнае фота

19 студзеня аб сваёй галадоўцы салідарнасьці зь Ігарам Лосікам абвясьціў сьвятар Уладзіслаў Багамольнікаў. Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» галадае ўжо больш за месяц — ад 15 сьнежня мінулага года. Яму становіцца горш: зьявіліся праблемы зь ціскам.

Іярэй Уладзіслаў Багамольнікаў выкладае філязофію ў Менскай акадэміі і сэмінарыі, сьведчыць з сайту ўстановы. Служыць у храме Богаяўленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаліся праблемы са здароўем, скача ціск». Ігар Лосік галадае ўжо 36 дзён

У лісьце, які атрымаў партал Tut.by, матывы свайго ўчынку ён тлумачыць наступным чынам.

«Я, Уладзіслаў Багамольнікаў, далучаюся да галадоўкі Ігара Лосіка. Пляную працягваць, пакуль гэта робіць ён. Калі здарыцца непапраўнае, паспрабую пратрымацца столькі ж дзён, колькі пратрымаўся Ігар. Спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе, і яму заменяць меру стрыманьня на хатні арышт. Або ён сам адмовіцца ад задумкі, калі даведаецца, што цяпер гаворка ня толькі пра ягонае ўласнае здароўе», — напісаў Уладзіслаў Багамольнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Народнае антыкрызіснае кіраваньне заклікала краіны Захаду дапамагчы ўратаваць галадоўніка Лосіка

Сьвятар дадаў, што ў яго ёсьць асабістыя палітычныя погляды, але сам ён лічыць, што Ігар Лосік робіць памылку.

«Яго жэст маглі б ацаніць, але не ў кіраўніцтве нашай краіны. Іх дзеяньні пераканалі б мяне хутчэй, чым словы. Я ўпэўнены, што ўсе людзі могуць мяняцца. І той чыноўнік, ад каго зараз залежыць лёс Ігара, можа ўзяць на сябе адказнасьць за яго жыцьцё або сысьці з пасады, каб ня браць адказнасьць за іншы варыянт. І перад тым, хто яго зьменіць, будзе стаяць той жа выбар. Сёньня я напісаў Ігару ліст. Ня буду адгаворваць яго, але паведамлю пра сваё рашэньне. Хай ён паступіць, як палічыць патрэбным», — адзначыў Уладзіслаў Багамольнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра галадоўку Лосіка трэба ня проста гаварыць, а крычаць». Ціханоўская просіць блогера спыніць галадоўку

Ён напісаў, што гэтак жа, як і Ігар Лосік, мае дачку, толькі дарослую. А сам страціў тату ў маленстве. І каб мог выбіраць, стане бацька героем, каб назвалі вуліцу ў яго гонар, ці застанецца жывы, то выбраў бы другое.