Жанчыну пасадзілі на 20 сутак за «непадпарадкаваньне». Яна кажа, што яе схапілі невядомыя па дарозе ў краму

Аўтазак, ілюстрацыйнае фота

Суд арыштаваў на 20 сутак мянчанку, якая ішла ў краму. Падчас затрыманьня яна павалілася на галалёдзе, а міліцыя расцаніла падзеньне як «непадпарадкаваньне».

Увечары 17 студзеня на вуліцы Заслаўскай затрымалі групу людзей, частку асудзілі і адправілі на 13–15 сутак у ізалятар на Акрэсьціна, паведамляе «Вясна».

Сёньня суд Цэнтральнага раёну Менску разглядаў справу Алены Радыкульцавай. На яе склалі 2 пратаколы: паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Пры гэтым з другім пратаколам жанчыну не азнаёмілі, там няма ні даты, ні пэрсанальных дадзеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктару Марозу, якога гвалтоўна затрымалі ў Новай Баравой, прысудзілі 14 дзён арышту

Алена Радыкульцава расказала, што накіроўвалася ў краму «Суседзі». Раптам падбег мужчына ў чорным і схапіў яе. Ад нечаканасьці яна ўпала, было сьлізка. У мітусьні згубіла сумку з кашальком і тэлефонам. На просьбу спыніцца супрацоўнікі сказалі, што знойдуць потым.

У Цэнтральным РУУС у пратаколе вопісу сумка ня значылася. Заяву аб зьнікненьні рэчаў праваахоўнікі прыняць адмовіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сфатаграфаваўся без дазволу чыноўнікаў. Магілёўца адправілі на 10 дзён у ізалятар за фота з нацыянальным сьцягам

Сьведка на судзе заявіў, што на просьбу прайсьці ў службовы транспарт жанчына «пачала ўпірацца і хапацца за форменнае абмундзіраваньне».

Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызнаў Алену Радыкульцаву вінаватай паводле ч. 3 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП і адправіў на 20 сутак у ізалятар.

Падзеньне на галалёдзе міліцыянты і суд расцанілі як «непадпарадкаваньне службовай асобе пры выкананьні сваіх абавязкаў».