Сфатаграфаваўся без дазволу чыноўнікаў. Магілёўца адправілі на 10 дзён у ізалятар за фота з нацыянальным сьцягам

Аляксандар Саўчанка

У Магілёве за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту 34-гадовага Аляксандра Саўчанку. Кастрычніцкі суд угледзеў у дзеяньнях магілёўца парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Справу разглядала судзьдзя Жанна Пушкіна.

Да суду Аляксандра Саўчанку тры дні трымалі ў ізалятары.

Сваёй віны актывіст не прызнаў, але адмовіўся даваць тлумачэньні суду.

Як вынікае з матэрыялаў справы, ён сфатаграфаваўся каля стэлы на ўезьдзе ў Бабруйск са сьцягам, на якім быў надпіс «Ямніцкі флёт».

Выява, якая стала нагодай для адміністрацыйнага перасьледу Аляксандра Саўчанкі

Гэтае фота апублікаваў адзін з бабруйскіх тэлеграм-каналаў.

Як ён фатаграфаваўся са сьцягам, заўважылі міліцыянты, якія ехалі міма. Пазьней на магілёўца склалі адміністрацыйны пратакол. У матэрыялах справы ёсьць даведка, што ён не зьвяртаўся ў Бабруйскі райвыканкам па дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства.

Судзілі Саўчанку праз скайп. Упершыню на адміністрацыйным працэсе абвінавачанага змаглі бачыць тыя, хто знаходзіўся ў залі пасяджэньняў. Раней такая магчымасьць была толькі ў судзьдзі.

Гэта ўжо трэці прысуд Аляксандру Саўчанку за пратэсты, раней ён адбыў пад арыштам 6 дзён.

Бел-чырвона-белы сьцяг з надпісам «Ямніцкі флёт» стаў нефармальным сьцягам пасёлка Ямніцкі, што на ўскрайку Магілёва, пасьля масавага затрыманьня тут прыхільнікаў пераменаў. У кастрычніку 13 магілёўцаў сабралася на мясцовай сажалцы, каб спусьціць на ваду бел-чырвона-белыя караблікі і невялікі плыт. Нечакана на месцы акцыі зьявіліся на дзьвюх машынах амапаўцы і затрымалі ўсіх удзельнікаў. Сярод іх былі шэсьць жанчын. Большасьць удзельнікаў правялі па некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцу, які даў поўху апэратару БТ, прысудзілі 2 гады калёніі