Затрыманых у лесе пад Віцебскам пэнсіянэрак адпусьцілі з ізалятара да суду. Цэлы дзень іх не кармілі

Тацяна Севярынец (зьлева), архіўнае фота

Пэнсіянэрак, якіх 13 студзеня затрымалі ў лесе пад Віцебскам падчас скандынаўскай хады, выпусьцілі з ізалятара. Судовыя разгляды іх справаў перанесьлі.

Як паведамляе «Віцебская вясна», у аддзяленьні міліцыі адмовіліся прымаць для жанчын перадачы, таму ад моманту затрыманьня яны нічога ня елі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску падчас прагулкі затрымалі шэсьць жанчын, сярод іх маці Паўла Севярынца

Сярод пэнсіянэрак была і Тацяна Севярынец, маці палітвязьня Паўла Севярынца. На волю яна выйшла ўвечары 13 студзеня. Яе справу накіравалі ў суд, але судзьдзя зрабіў перапынак да 19 студзеня, і яе адпусьцілі.

Астатніх адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Тамары Ільіной спатрэбілася мэдычная дапамога, і яе адвезьлі ў лякарню.

Людміла Камінская, Людміла Валаткевіч, Алена Каснова і Раіса Кухто правялі ноч у ізалятары і выйшлі на волю праз суткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскую пэнсіянэрку, якая ўкусіла амапаўку, пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі». За тое, што яе пабілі, справы няма

На ўсіх, акрамя Тамары Ільіной, якая да гэтага часу шпіталізаваная, склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 КаАП.

Іх суды перанесьлі на 19 і 20 студзеня.