«Разам да перамогі». Дабрачынная акцыя Літоўскай тэлевізіі ў падтрымку беларусаў і ўкраінцаў

«Ланцуг салідарнасці зь Беларусьсю». Сярод удзельнікаў экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце. Вільня, Літва.

Грамадзкая арганізацыя Blue/Yellow ў супрацы з Літоўйскай тэлевізіяй LRT TV і прадусарскай кампаніяй TymDrym 13 студзеня арганізуе дабрачынную акцыю «Разам да перамогі». Імпрэза, якая ладзіцца пяты раз, упершыню акцэнтуе ўвагу на падзеях у Беларусі.

Як адзначаюць арганізатары , асноўная ідэя застанецца ранейшай, але зь некаторымі нэансамі.

Па-першае, трагічныя падзеі для Літвы 13 студзеня 1991 году, калі самаахвярнасьць літоўцаў прысьпешыла прыход дэмакратыі. Па-другое, працяг барацьбы за мір і свабоду ва Ўкраіне, якая вось ужо 7 гадоў знаходзіцца ў стане вайны з сэпаратыстамі ды іх расейскімі памагатымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Танкі не ўзялі Вільню»

Самае істотнае адрозьненьне сёлетняй імпрэзы ў тым, што гэтым разам таксама будзе ўлічаная сытуацыя ў Беларусі, народ якой змагаецца супраць рэжыму дыктатара Лукашэнкі.

Падчас онлайн-маратону гледачам прапануюць зрабіць ахвяраваньні на дапамогу ўкраінскім салдатам, валянтэрам, гарадзкім суполкам, пацярпелым ад вайны, а таксама змагарам за свабоду ў Беларусі.

Пачатак трансьляцыі на Беларусь дабрачыннай акцыі «Разам да перамогі» — 13 студзеня а 20.30.