Старшыню АГП Мікалая Казлова будуць судзіць за адмову даваць падпіску аб неразгалошваньні

Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады. Яго некалькі разоў дапытвалі па крымінальнай справе аб яе дзейнасьці.

Упершыню па справе Каардынацыйнай рады старшыня АГП Мікалай Казлоў хадзіў у СК яшчэ ў канцы 2020 году. Тады ж ён адмовіўся даваць паказаньні і падпісваць дакумэнт аб неразгалошваньні. Казлова запрашалі на допыт у СК яшчэ некалькі разоў з тым жа вынікам. 12 студзеня стала вядома, што адмова даваць падпіску стала прычынай складаньня пратаколу.

«Пратакол на мяне склалі за тое, што я не падпісаў падпіску аб неразгалошваньні ў Сьледчым камітэце, куды мяне выклікалі з нагоды справы аб дзейнасьці Каардынацыйнай рады, — сказаў Мікалай Казлоў у размове са Свабодай. — Я спаслаўся на сваё права, мяркую, у мяне ёсьць права не даваць такой падпіскі. Скарыстаўся сваім правам не падпісваць і не падпісаў.

У СК гэта было ўспрынята як невыкананьне законных патрабаваньняў службовай асобы. І яны напісалі паперу ў Партызанскі РУУС, а там участковы ўжо склаў пратакол. Я яго лічу абсалютна беззаконным. Людзі ўжо настолькі згубілі берагі, што думаюць, што любое іх патрабаваньне законнае. А гэта ня так».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўтары гадзіны ўгаворвалі падпісаць дакумэнт аб неразгалошваньні». Лідэр АГП Мікалай Казлоў пра свой допыт у СК

У выніку цяпер старшыню АГП чакае суд. Разгляд яго справы прызначаны на 15 студзеня ў судзе Партызанскага раёну Менску. Мікалай Казлоў ня ведае, якім можа быць пакараньне.

«Гэта абсурдная справа, абсалютна абсурдная, — кажа ён. — Гэта як быццам на вас склалі пратакол па 23.34, вы яго не падпісалі, і за гэта на вас склалі яшчэ адзін. І так да бясконцасьці. У мяне ёсьць права падпісваць дакумэнт аб неразгалошваньні, абавязку няма. Для мяне гэта прынцыповае пытаньне. Як, відаць, і для іх».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра Каардынацыйнай рады і старшыню АГП Мікалая Казлова выклікалі на допыт у СК трэці раз
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная рада назвала незаконным стварэньне Рады старэйшынаў пры Савеце Рэспублікі