Сьвятлана Ціханоўская: швайцарац Фазэль мог бы абараніць грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ

Сьвятлана Ціханоўская

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская жорстка скрытыкавала Рэнэ Фазэля за абдымкі з Лукашэнкам і прыязныя да яго заявы на сустрэчы ў Менску 11 студзеня. Яна яшчэ раз заклікала байкатаваць турнір.

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на заяву прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею (ІІХФ) Рэнэ Фазэля пра чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі.

На яе думку, візыт Фазэля ў Менск паказаў непасьлядоўнасьць, якая можа нашкодзіць рэпутацыі самой ІІХФ, бо «спартовае сьвята ня можа праходзіць у краіне, дзе палітвязьні сядзяць у карцарах за некалькі кілямэтраў ад лядовых арэнаў».

«Швайцарац Фазэль мог бы абараняць грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ, якой „сумленны суд“ прысудзіў 2,5 года зьняволеньня за зрыў балаклавы з амапаўца. Замест гэтага ён марудзіць з заявамі і ставіць пад сумнеў павагу да беларускага народу».

Ціханоўская падкрэсьліла, што сочыць за сытуацыяй вакол магчымага байкоту першынства сьвету і ведае, што многія хакеісты, зборныя і фэдэрацыі не зьбіраюцца ехаць на чэмпіянат, які «зьяўляецца шырмай для праўнага дэфолту, катаваньняў і забойстваў». Для іх, на думку палітыка, свабода, чалавечая годнасьць і закон важнейшыя за любыя пасады ды ўзнагароды, як і для беларусаў.

«Чэмпіянат мусіць быць перанесены зь Менску. У адваротным выпадку я заклікаю ўсе нацыянальныя фэдэрацыі яго байкатаваць», — дадала Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Латвія адмовіцца — правядзём самастойна», — Лукашэнка пераконвае Фазэля праводзіць хакейны чэмпіянат у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бундэстагу заявілі, што ўрад Нямеччыны мусіць запатрабаваць пераносу хакейнага чэмпіянату сьвету зь Менску