Справай Паліны Шарэнды-Панасюк займаецца група з васьмі сьледчых

Паліна Шарэнда-Панасюк

Берасьцейскай актывістцы зьбіраюцца прад’явіць абвінавачаньні па крымінальным артыкуле за тое, што яна сарвала маску зь міліцыянта ў сваёй кватэры. Адвакат заявіў, што за яе справу ўзялася цэлая група сьледчых.

11 студзеня ў СІЗА № 7 берасьцейку Паліну Шарэнду-Панасюк наведаў адвакат.

З размовы ён даведаўся, што 12 студзеня ёй афіцыйна выставяць абвінавачаньне паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Сьледзтва лічыць, што Паліна сарвала маску з твару міліцыянта Аляксандра Рачынскага, чым прычыніла «менш цяжкое цялеснае пашкоджаньне», піша «Белсат».

Здарэньне адбылося 3 студзеня, калі ў кватэру Шарэнды-Панасюк уварваліся дзесяць чалавек у чорным, каб «правесьці агляд». Пры гэтым яны выбілі дзьверы ў кватэру, а пасьля затрымалі гаспадыню, маці дваіх дзяцей. Па словах адваката, гэтай справай займаецца цэлая сьледчая група з васьмі сьледчых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці на 15 сутак асудзілі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнду. Ягоная жонка ў СІЗА

«Паліна трымаецца бадзёра і адмаўляецца ад любых сьведчаньняў, заяўляючы, што гэтая справа чыста палітычная. Я лічу, што гэтая справа ўзьнікла пасьля правакацыі супраць маёй сям’і, калі я знаходзіўся ў ІЧУ. Заклікаю пісаць лісты Паліне ў СІЗА», — сказаў муж зьняволенай Андрэй Шарэнда.

Раней за сарваную зь міліцыянта балаклаву 2,5 года зьняволеньня атрымала грамадзянка Швайцарыі Натальля Хершэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Швайцарыі сустрэўся ў турме з Натальляй Хершэ, а потым у МЗС з намесьнікам міністра