ЗША перадалі беларускаму войску мэдычнае абсталяваньне для дыягностыкі каранавірусу

Беларускую дэлегацыю на цырымоніі перадачы ўзначаліў начальнік вайскова-мэдычнай управы Міністэрства абароны палкоўнік мэдычнай службы Дзьмітры Альховік. Амэрыканскі бок прадстаўляў аташэ ў пытаньнях абароны пры пасольстве ЗША ў Менску падпалкоўнік Джэйсан Лі Такер.

Камандаваньне ўзброеных сілаў Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Эўропе бязвыплатна перадало беларускаму войску аналізатар газавага складу крыві. Аналізатар будзе працаваць у Галоўным вайсковым клінічным мэдычным цэнтры Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, паведаміла Міністэрства абароны.

Гэты аналізатар дазваляе апэратыўна прымаць рашэньні наконт тактыкі лячэньня. Асабліва важны ён для дыягностыкі і выбару тактыкі лячэньня пацыентаў у сярэднецяжкім і цяжкім стане.

«Гэтае ахвяраваньне, як і перададзеныя раней рэсьпіратары N95 і ахоўныя акуляры, падкрэсьлівае прыхільнасьць амэрыканскага народу справе дапамогі ў пабудове лепшай будучыні для Беларусі і яе народу», — адзначаецца ў паведамленьні пасольства.

Міністэрства абароны Беларусі выказала ўдзячнасьць камандаваньню ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе і Пасольству ЗША за дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць афіцыйна інфікаваных COVID-19 у Беларусі зьменшылася на 32% за дзень