У Беларусі павялічылі пэнсійны ўзрост яшчэ на 6 месяцаў

Цяпер мужчыны могуць выйсьці на пэнсію ў 62,5 года, а жанчыны ў 57,5.

Акрамя таго, на паўгода вырас мінімальны страхавы стаж. З гэтага года трэба 18 гадоў рабіць выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, каб атрымаць працоўную пэнсію.

Калі страхавога стажу не хапае, то замест працоўнай пэнсіі будзе налічвацца сацыяльная, якая цяпер складае 129 рублёў.

Павышэньне пэнсійнага ўзросту наўрад ня стала для грамадзян Беларусі сюрпрызам. Ён будзе паступова расьці да 2023 году і дасягне 58 гадоў для жанчын і 63 гадоў для мужчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі яшчэ на шэсьць месяцаў павышаны пэнсійны ўзрост

Што ж тычыцца страхавога стажу, неабходнага для атрыманьня працоўнай пэнсіі, то ён будзе павышацца да 2025 года і ў выніку дасягне 20 гадоў і для мужчын, і для жанчын.

Першае павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчана ў 2016 годзе. Тады было прынятае рашэньне павышаць пэнсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 году штогод на шэсьць месяцаў. За 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын вырасьце з 55 да 58 гадоў, мужчын — з 60 да 63.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герантоляг: «Пэнсійны ўзрост мужчын і жанчын мае быць аднолькавым»

МВФ у 2016 годзе апублікаваў справаздачу, у якой ужо рэкамэндаваў Беларусі «паступовае павелічэньне пэнсійнага ўзросту для мужчын і жанчын да 65 гадоў і наступную яго прывязку да сярэдняй працягласьці жыцьця».

Паводле ацэнак фонду, адносіны колькасьці пэнсіянэраў да працаздольнага могуць павялічыцца ў Беларусі з 40% у 2015 годзе да 68% да 2050-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не бяруць на працу 20-гадовых, ня хочуць наймаць пасьля сарака. Асаблівасьці эйджызму ў Беларусі