Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі яшчэ на шэсьць месяцаў павышаны пэнсійны ўзрост


У Беларусі ад 1 студзеня яшчэ на шэсьць месяцаў павышаны пэнсійны ўзрост: жанчыны могуць сыходзіць на пэнсію ў 57 гадоў, мужчыны — у 62. Да 2022 года пэнсійны ўзрост дасягне 58 і 63 гадоў адпаведна.

Разам з пэнсійным узростам на паўгода павялічваецца мінімальны страхавы стаж для абодвух палоў — 17,5 года. Да 2014 года страхавы стаж складаў 5 гадоў. У 2014 годзе яго павялічылі да 10 гадоў, у 2015 годзе — да 15. Штогод гэтая плянка падымаецца на 6 месяцаў — да 20 гадоў ў 2025 годзе.

Павелічэньне страхавога стажу не закранае сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян, для якіх фарміраваньне такога доўгага стажу цяжкае паводле аб’ектыўных прычынаў: інвалідаў зь дзяцінства, бацькоў дзяцей-інвалідаў, шматдзетных маці. Для іх захоўваецца пяцігадовы мінімальны страхавы стаж.

У дакладзе Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) аб дэмаграфічнай сытуацыі ў краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Эўропы ўтрымліваецца выснова, што далейшая рэформа ў Беларусі пэнсійнай сыстэмы была б «вельмі мэтазгоднай».

На думку экспэртаў МВФ, насельніцтва ў рэгіёне ў найбліжэйшыя 30 гадоў можа скараціцца, таму краінам варта прыняць меры, якія б спрыялі занятасьці людзей перадпэнсійнага і пэнсійнага ўзросту. «Беларусь значна выйграе, калі павялічыць удзел пажылых работнікаў нават без павышэньня пэнсійнага ўзросту», — лічаць экспэрты фонду.

МВФ у 2016 годзе апублікаваў справаздачу, у якой ужо рэкамэндаваў Беларусі «паступовае павелічэньне пэнсійнага ўзросту для мужчын і жанчын да 65 гадоў і наступную яго прывязку да сярэдняй працягласьці жыцьця».

Паводле ацэнак фонду, адносіны колькасьці пэнсіянэраў да працаздольнага насельніцтва могуць павялічыцца ў Беларусі з 40% у 2015 годзе да 68% да 2050-га.

У сувязі з гэтым экспэрты валютнага фонду чакаюць, што выдаткі на пэнсіі ў Беларусі ўзрастуць з 9,6% ВУП у 2015 годзе да 12,4% у 2030 годзе і да 16,1% ВУП у 2050-м. Як сьледзтва, калі пасьля 2022 году пэнсійны ўзрост не падымаць, то дэфіцыт існага пэнсійнага фонду ў 2030 годзе будзе роўны 2,8% ВУП, у 2050-м — 6,5% ВУП.

Першае павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчана ў 2016 годзе. Тады было прынятае рашэньне павышаць пэнсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 году штогод на шэсьць месяцаў. За 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын вырасьце з 55 да 58 гадоў, мужчын — з 60 да 63.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG