Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў незаконным указ Зяленскага

Старшыня Канстытуцыйнага суду Ўкраіны Аляксандар Тупіцкі

Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў незаконным указ прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб часовым спыненьні паўнамоцтваў старшыні суду.

У паведамленьні, выкладзеным на сайце судовага органу, гаворыцца пра тое, што, «выдаўшы ўказ… ад 29 сьнежня 2020 году, прэзыдэнт Украіны выйшаў за межы сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў і парушыў прадпісаньні артыкулаў… Канстытуцыі».

Гаворка ідзе пра дакумэнт, якім украінскі лідэр адхіліў ад пасады на два месяцы кіраўніка Канстытуцыйнага суду Аляксандра Тупіцкага. Той быў западозраны ў подкупе сьведкі і даваньні наўмысна ілжывых паказаньняў. У кастрычніку ў дачыненьні да яго пачалі дасудовае расьсьледаваньне аб дзяржаўнай здрадзе і незаконным адчужэньні зямлі ў анэксаваным Крыме.

Працэс у дачыненьні да судзьдзі быў ініцыяваны на фоне канстытуцыйнага крызісу, які адбыўся з прычыны канфлікту паміж кіраўніком дзяржавы і Канстытуцыйным судом. Апошні заблякаваў закон аб электронным дэкляраваньні даходаў чыноўнікаў і пазбавіў Нацыянальнае агенцтва для прадухіленьня карупцыі шэрагу найважнейшых паўнамоцтваў. Зяленскі выступіў супраць гэтых рашэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных справаў Украіны агучыў пэсымістычны сцэнар для Беларусі