У Баранавічах затрымалі ініцыятара беларускіх клясаў і зьбіраюцца дэпартаваць у Расею

Штамп аб дэпартацыі зь Беларусі ў пашпарце грамадзяніна Расеі, ілюстратыўнае фота

Вайсковага пэнсіянэра з Баранавічаў Алега Малашчанку затрымалі і зьбіраюцца дэпартаваць у Расею. Улады не дачакаліся разгляду апэляцыі на рашэньне аб яго высылцы.

25 лістапада Алег Малашчанка ў аддзяленьні па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС атрымаў пастанову аб неабходнасьці пакінуць краіну цягам месяца. Але 1 сьнежня ён даслаў апэляцыйную скаргу на гэтае рашэньне ў Берасьцейскі абласны суд, піша Intex-press.

Паводле слоў Малашчанкі, адказу на сваю скаргу ён не атрымаў і дасюль. Днём 29 сьнежня міліцыя затрымала Алега на працоўным месцы на авіязаводзе і адправіла ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён будзе чакаць дэпартацыі.

«Мне патэлефанавалі з ІЧУ і сказалі, каб я сабрала яго дакумэнты і рэчы, таму што 30 сьнежня Алега гвалтоўна дэпартуюць зь Беларусі ў Расею. Спрабую зьвязацца з адвакатамі. Спадзяюся, нам дадуць зь ім убачыцца, бо дзеці ў шоку, я таксама. Лічу яго высылку незаконнай, пакуль мы не атрымаем адказ зь Берасьця», — сказала жонка Малашчанкі Тацяна.

Таксама яна адзначыла, што ўлады «парушаюць свае ж законы».

Алег Малашчанка нарадзіўся ў Баранавічах, потым праходзіў вайсковую службу ў Расеі, аўтаматычна атрымаўшы яе грамадзянства. З 2004 году стала жыве ў родных Баранавічах зь сям’ёй. Акрамя дваіх непаўналетніх дзяцей і жонкі, у яго ў Баранавічах жыве і 85-гадовая маці.

Сям’я Малашчанкаў удзельнічала ў шэрагу нацыянальных праектаў у Баранавічах, дамаглася адкрыцьця беларускамоўнай клясы ў горадзе. Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў улады палічылі Алега Малашчанку адным з завадатараў страйку на «558 авіярамонтным заводзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ноч з 9 на 10 жніўня прыгадаў ваенныя дзеяньні на Каўказе». Вялікая гутарка з Андрэем Новікавым, якога вывезьлі зь СІЗА № 1 у Расею
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кубінцу, які ўдзельнічаў у пратэстах, пагражае дэпартацыя зь Беларусі і турма на радзіме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі закон аб пазбаўленьні грамадзянства Беларусі. Каму гэта пагражае?