Выратавалі двух рыбакоў, таксама знайшлі цела аднаго загінулага чальца экіпажу, яшчэ 16 пакуль лічацца зьніклымі бязь вестак.
Інфармацыя пра здарэньне з суднам «Онега» (порт прыпіскі Мурманск), якое вяло рыбацкі промысел у акваторыі Баранцава мора, паступіла раніцай 28 сьнежня.
Як паведаміла «РИА Новости», большасьць маракоў на «Онеге» былі ўраджэнцамі Мурманскай вобласьці, таксама ў экіпажы карабля былі выхадцы зь іншых рэгіёнаў Расеі, ураджэнцы Менскай і Берасьцейскай абласьцей Беларусі, Жытомірскай і Днепрапятроўскай абласьцей Украіны і адзін выхадзец з Сьера-Леонэ.
Прычынай затапленьня судна, як мяркуецца, стала перакульваньне судна ў выніку выцягваньня рыбалоўнага трала. «Хутчэй за ўсё, судна нахілілася, зачэрпнула вады і сышло на дно», — паведаміў журналістам першы намесьнік начальніка ўпраўленьня МНС па Архангельскай вобласьці Аляксандар Бахцін. Паводле яго, гэтая вэрсія на дадзены момант найбольш верагодная, але ўсе прычыны і ўмовы будуць спэцыялісты.
Сьледчы камітэт Расеі заявіў, што крушэньне траўлера «Онега» будзе расьсьледавацца паводле артыкулу аб парушэньні правілаў бясьпекі эксплюатацыі марскога транспарту.