Слонімскую сынагогу зноў выставілі на аўкцыён, пачатковую цану зьнізілі да 27 тысяч рублёў

Слонімская сынагога

29 сьнежня адбудуцца чарговыя таргі па сынагозе ў Слоніме.

Цана аб’екту складае 27 400 рублёў, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Горадзенскім аблвыканкаме. Будынак Слонімскай сынагогі плошчай 673,3 кв.м. мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Пабудаваная ў 1642 годзе ў стылі барока, яе фрэскі выкананыя ў рэдкай тэхніцы грызайль, элемэнты дэкаратыўнай ляпніны ў будынку пакрытыя пазалотай або размаляваныя.

У пасьляваенныя гады ў сынагозе савецкія ўлады зрабілі склад, затым яе выкарыстоўвалі як гандлёвае памяшканьне, а потым закінулі.

Першапачаткова сынагогу ацанілі ў 137 тысячаў рублёў, але першы аўкцыён 15 чэрвеня 2020 быў бясплённым. Затым яе плянаваў выкупіць Брытанскі фонд габрэйскай спадчыны, які ўпершыню зьвярнуў увагу да сынагогі ў 2017 годзе, калі яна трапіла ў сьпіс чатырох найбольш важных для аднаўленьня сынагог Эўропы. Але зь нейкіх прычынаў купля не адбылася. 29 сьнежня чакаецца трэцяя спроба прадаць Слонімскую сынагогу з аўкцыёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі фонд зьбіраецца выкупіць слонімскую сынагогу XVII стагодзьдзя