Віцебскіх сьвятароў папярэдзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Сьвятары сказалі, што гэта была малітва

Уніяцкі сьвятар Аляксей Варанко

Сьвятароў і верніка судзілі за акцыю пад бел-чырвона-белым сьцягам. Яны настойвалі, што гэта была проста малітва.

Грэка-каталіцкі сьвятар Аляксей Варанко, рыма-каталіцкі Віктар Жук і вернік Аляксей Каракоў атрымалі папярэджаньні за малітву пад бел-чырвона-белым сьцягам, паведамляе «Белсат».

Адміністрацыйную справу супраць айца Жука, пробашча парафіі сьвятога Уладзіслава, айца Варанко, вікарыя грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага, а таксама верніка Каракова разглядалі ў Першамайскім судзе Віцебску. Сьвятароў прыйшло падтрымаць шмат людзей, аднак у судовай залі пакінулі толькі семярых чалавек.

Абодвух сьвятароў затрымалі 8 сьнежня і адправілі ў ізалятар. Неўзабаве над імі адбыўся суд, які ня скончыўся прысудам, а пратакол адправілі на дапрацаваньне.

На судзе Варанко, Жук і Каракоў заявілі, што апісаная ў пратаколе масавая акцыя насамрэч была малітвай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грэка-каталіцкага сьвятара з Івацэвічаў засудзілі на 10 дзён арышту