Фатографа «Нашай нівы» адправілі на Акрэсьціна, арыштаваўшы на 7 дзён

Аляксандра Піліповіч-Сушчыц

Аляксандру Піліповіч-Сушчыц асудзілі на 7 сутак за працу на Маршы памяці Рамана Бандарэнкі.

20-гадовая фатографка Шура Піліповіч-Сушчыц знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Пачаўся тэрмін яе адміністрацыйнага арышту на 7 дзён за працу на Маршы памяці Рамана Бандарэнкі, паведамляе «Наша ніва».

Тады Піліповіч-Сушчыц затрымалі ў раёне станцыі мэтро «Пушкінская», калі яна толькі пасьпела дастаць апарат, адвезьлі ў Першамайскае РУУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі». Да позьняй ночы яна была ў аддзеле, а ў 5:30 яе адпусьцілі, забраўшы тэхніку.

Тады ж Аляксандры ўручылі позву на 19 лістапада ў Першамайскі раённы суд, але калі за дзень да паседжаньня адвакат фатографкі пазваніў туды, высьветлілася, што Шуру ўжо асудзілі завочна. Прысуд на 7 дзён арышту вынесла судзьдзя Настасься Ляйкоўская. Неўзабаве судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сьвятлана Чарапанава пацьвердзіла прысуд.

21 сьнежня Шуру Піліповіч-Сушчыц забралі на Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да бацькоў палітзьняволенай Чульцовай прыходзілі зь ператрусам, Андрэева ў СІЗА перанесла алергічны прыступ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста «Белсату» Станіслава Івашкевіча пакаралі штрафам