«Спрабуюць зьнішчыць рэпутацыю фонду»,— Стрыжак адказаў на абвінавачваньні былой паплечніцы па BYSOL

Андрэй Стрыжак

Адзін з каардынатараў фонду дапамогі рэпрэсаваным BYSOL Андрэй Стрыжак пракамэнтаваў заявы Сьвятланы Галузы ў сацсетках і ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

Ягоная колішняя асыстэнтка выставіла шэраг абвінавачваньняў на адрас кіраўніцтва фонду.

Стрыжак напісаў у фэйсбуку, што Галуза сапраўды працавала ў іхнай камандзе і адказвала за ягоную асабістую камунікацыю. Некалькі тыдняў таму яна перастала зьяўляцца на працы (па яе словах, у сувязі з самаізаляцыяй). А затым Стрыжак атрымаў ад яе ліст прыблізна такога ж зьместу, як і ў «прызнальным відэа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Банкаўская сыстэма Беларусі цалкам захопленая сілавікамі». Андрэй Стрыжак пра блякаваньне дапамогі пацярпелым

«Наша каманда фармавалася ў жніўні досыць стыхійна, тады ніхто ня думаў, што мы пойдзем на такое далёкае кола, таму не заглыбляліся ў дасканалую праверку кандыдатаў. Гэта было нашай памылкай, зь якой зробленыя высновы. Мы ўжо высьветлілі магчымыя прычыны раптоўнага дэмаршу з боку Сьвятланы і падключылі сур’ёзныя рэсурсы для расьсьледаваньня абставінаў», — адзначыў Андрэй Стрыжак.

Раней Сьвятлана Галуза працавала ў газэце «Беларусь сегодня», аднак у жніўні многія журналісты пераходзілі на бок народу і было прынята рашэньне падтрымаць яе працай і заробкам, прызнаецца Стрыжак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

By_Help: «Улады сьпісалі грошы ў 500-600 чалавек, якім мы дапамаглі»

«Калі ў Сьвятланы былі пытаньні да дзейнасьці фонду, яна магла звярнуцца ў літоўскую паліцыю або да нашых літоўскіх партнэраў. Аднак замест гэтага вырашыла выкласьці ролік ў адным з гэбісцкіх каналаў, які актыўна „мочыць“ штаб Ціханоўскай і BYSOL. Цяпер гэтае відэа раскідваецца па сетках ды іншых „ябацькаўскіх“ каналах і нават выйшла на БТ. Дзяржпрапаганда ўжо некалькі тыдняў у прайм-тайм з зайздроснай упартасьцю спрабуе зьнішчыць маю асабістую рэпутацыю і рэпутацыю фонду», — кажа Андрэй Стрыжак.

Спроба пасеяць зерне сумневу ў добрасумленнасьці фондаў дапамогі, падрыў даверу да іх і нарошчваньне страху у беларусаў — асноўная мэта такіх гісторый, перакананы актывіст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мяне такі крок Нацбанку зьдзівіў». Сузаснавальнік фонду By_Нelp пацьвердзіў, што банкі вяртаюць сьпісаныя сродкі

Андрэй Стрыжак дадае, шо ўся справаздачнасьць дзейнасьці фонду разьмешчана на сайце bysol.org (у Беларусі заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі).